MAP

Царква святога Іллі ў Дамаску пасля тэракту Царква святога Іллі ў Дамаску пасля тэракту  (ANSA)

Еўрапарламент: рэлігійная разнастайнасць Сірыі павінна захавацца

Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае тэрарыстычны напад у грэка-праваслаўным храме святога Іллі ў Дамаску, дзе загінулі 25 чалавек і больш за 60 былі параненыя.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Еўрапейскі парламент 10 ліпеня 2025 года прыняў рэзалюцыю з асуджэннем тэрарыстычнага нападу, здзейсненага 22 чэрвеня 2025 года ў грэка-праваслаўным храме святога Іллі ў Дамаску. У выніку гэтага нападу, здзейсненага ісламістамі, загінулі 25 чалавек і больш за 60 былі параненыя – гэта найбольш трагічны тэракт супраць хрысціян у Сірыі за апошнія гады.

Тэрор не павінен перамагчы свабоду веравызнання

Еўрадэпутаты заклікалі часовыя ўлады Сірыі прыняць неабходныя меры для спынення рэлігійна матываванага гвалту, гарантавання справаздачнасці, пераследу парушальнікаў правоў чалавека, а таксама захавання свабоды рэлігіі і абароны ўсіх рэлігій.

У дакуменце адзначаецца вялікая разнастайнасць сірыйскіх рэлігійных груп. Парламентарыі падкрэслілі важнасць захавання ўкладу хрысціян у рэлігійную і культурную спадчыну Сірыі.

Хрысціянскія супольнасці Сірыі застаюцца ўразлівымі

Рэзалюцыя заклікае Еўрапейскую камісію ўключыць пытанне абароны рэлігійных супольнасцей у перамовы з сірыйскімі ўладамі, а таксама захаваць санкцыі супраць арганізацый, адказных за парушэнне свабоды веравызнання.

Дэпутаты таксама заахвочваюць часовыя ўлады Сірыі да прагрэсу ў такіх пытаннях, як вяртанне рэлігійнай маёмасці, канфіскаванай рэжымам Асада, і падкрэсліваюць неабходнасць адлюстравання рэлігійнай разнастайнасці ў новай палітычнай структуры краіны.
 

12 ліпеня 2025, 12:16