Джордж Акруш: было б балюча бачыць Святую Зямлю без хрысціян
Марыя Валодзіна - Vatican News
Інфармацыйнае агенцтва SIR апублікавала інтэрв’ю з кіраўніком службы развіцця Лацінскага Патрыярхату, у якім ён апісаў цяжкае становішча хрысціянскай супольнасці Святой Зямлі.
“Сітуацыя вельмі крытычная. Мы ніколі раней не сутыкаліся з такімі сур'ёзнымі выклікамі. На жаль, большасць людзей засталася без працы з пачатку вайны ў Газе. 70% хрысціянскай супольнасці залежыць ад турыстычнага сектара”, - распавёў ён.
74% маладых хрысціян зараз не працуюць, і “гэта стварае вялікую гуманітарную нагрузку на Касцёл, які з'яўляецца адзінай структурай, да якой яны могуць звярнуцца ў крызісны час”, - нагадаў Акруш.
Акрамя страты даходаў, палесцінскае насельніцтва сутыкаецца з абмежаваннем свабоды перамяшчэння. “Ізраільскія ўлады закрылі кантрольна-прапускныя пункты, і ўсе хрысціяне, якія працавалі ў Іерусаліме, страцілі працу, за выключэннем тых нямногіх, хто працуе ў хрысціянскіх арганізацыях і некаторых школах”, - падзяліўся супрацоўнік Лацінскага Патрыярхату.
Па ўсім Заходнім беразе дзейнічае каля 900 ізраільскіх КПП, уключаючы так званыя “жалезныя брамы”, якія не дазваляюць свабодна перамяшчацца нават у межах аднаго горада. Дабрацца з Рамалы ў Іерусалім стала немагчыма, а з Бэтлеема ў Рамалу – вельмі цяжка, бо на КПП можна прастаяць ад трох да шасці гадзін”, - распавёў Акруш.
І без таго складаную сітуацыю пагоршыла рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спыніць праграмы USAID у падтрымку палесцінскага народа. Гаворка ідзе пра такія ключавыя сектары, як ахова здароўя, адукацыя і інфраструктура. Тысячы людзей страцілі працу, у тым ліку каля 300 хрысціян, якія працавалі ў офісах USAID у Іерусаліме і на Заходнім беразе. Лацінскі Патрыярхат, дзякуючы Ордэну Гроба Хрыстовага ў Іерусаліме, застаецца рухаючай сілай у стварэнні працоўных месцаў, аказанні гуманітарнай дапамогі, пастаўках медыкаментаў і правядзенні медыцынскіх аперацый.
Джордж Акруш, 49-гадовы бацька траіх дзяцей і сведка некалькіх войнаў у рэгіёне, не губляе надзеі на будучыню. “Мы просім усіх, хто жадае бачыць пастаянную хрысціянскую прысутнасць у Святой Зямлі, узмацніць падтрымку, бо было б сапраўды балюча бачыць Святую Зямлю без хрысціян. Мы не хочам ператвараць гэтую Зямлю ў музей, мы хочам застацца жывымі камянямі зямлі Езуса. Мір і справядлівасць – адзінае рашэнне, якое дасць нашым дзецям магчымасць заставацца на радзіме і дазволіць вярнуцца ўсім хрысціянам, якія імігравалі ў Лацінскую Амерыку, Еўропу і па ўсім свеце. Напрыклад, з-за палітычных і сацыяльна-эканамічных цяжкасцяў у Сант’яга, Чылі, імігравалі больш за 500 тысяч палесцінскіх хрысціян. Любое мірнае пагадненне паміж Ізраілем і Палесцінай у першую чаргу пойдзе на карысць хрысціянам, уцягнутым у гэты жудасны канфлікт”, - сказаў кіраўнік службы развіцця Лацінскага Патрыярхату.