MAP

Ксёндз Мануэль Барыёс Прыэта, арцыбіскуп Марыяна Крачата і арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі на могілках каля Львова Ксёндз Мануэль Барыёс Прыэта, арцыбіскуп Марыяна Крачата і арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі на могілках каля Львова 

Біскупы заклікаюць ЕС аднавіць адзінства дзеля міру ва Украіне

Пасля вяртання з афіцыйнай місіі ў Львове старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), біскуп Марыяна Крачата, распавёў пра народ, які пакутуе, але не губляе надзеі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Гэта была сустрэча з жывым народам, які, нягледзячы на вайну і пакуты, хоча надалей жыць", - так старшыня COMECE падсумаваў афіцыйную місію, праведзеную ў Львове з 16 па 18 ліпеня 2025 года. Дэлегацыя біскупаў краін ЕС наведала Украіну, каб выказаць салідарнасць з насельніцтвам, якое пакутуе ад вайны, і абмеркаваць шляхі да міру.

Народ, які не даў сябе перамагчы

Біскуп Крачата не хавае ўзрушэння, калі вяртаецца да ўспамінаў і распавядае медыя пра падзею, якая не была прадугледжана ў напружаным календары сустрэч дэлегацыі: "Мы ўдзельнічалі ў пахаванні салдата, які загінуў у баі. Гэта быў кранальны досвед. Асабліва ўразіла мяне пачуццё глыбокага ўдзелу такіх розных людзей. Узрушыла мяне і тое, што многія з іх апускаліся на калені нават на вуліцы".

Галоўнай мэтай місіі прадстаўнікоў епіскапатаў краін ЕС была дэманстрацыя салідарнасці з насельніцтвам, якое, як сказаў біскуп Крачата, "не дало сябе ні перамагчы, ні зламаць, але няўхільна змагаецца за сваё жыццё".

Шматлікія экуменічныя намаганні

Сустрэчы з прадстаўнікамі Грэка-Каталіцкай Царквы і Рыма-Каталіцкага Касцёла, з дабрачыннымі арганізацыямі, якія займаюцца дапамогай асобам, пацярпелым ад вайны, а таксама з прадстаўнікамі мясцовага каталіцкага ўніверсітэта запоўнілі праграму дэлегацыі.

"У гэтай сферы, - патлумачыў старшыня COMECE, - Касцёлы прыкладаюць шматлікія намаганні. Першая сфера датычыць блізкасці і дапамогі ахвярам. Мы наведалі цэнтр для ветэранаў, дзе выслухалі кранальныя сведчанні. Другім пытаннем з'яўляецца вядзенне звычайнай душпастырскай дзейнасці. І, нарэшце, – высілкі на карысць экуменічнага дыялогу, заснаванага перш за ўсё на імкненні да міру".

У згодзе з Папам Львом XIV

Дэлегацыя таксама нагадала пра неабходнасць каб Еўрапейскі саюз працягваў падтрымліваць Украіну на доўгім шляху аднаўлення і прымірэння.

"У поўнай згодзе з Папам Львом XIV нашым заклікам з'яўляецца заахвочванне да пошуку дыпламатычных шляхоў рашэння. У гэтым сэнсе з прызнаннем прымаем усе дыпламатычныя высілкі, якія дазволяць бакам канфлікту сесці за агульны стол", - сказаў старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці.

Аднак, каб мець уплыў на гэты працэс, "Еўрасаюз павінен перш за ўсё аднавіць страчанае ўнутранае адзінства", - падкрэсліў біскуп Крачата, заклікаючы еўрапейскіх лідараў да большай згуртаванасці ў падыходзе да ўкраінскага пытання.
 

22 ліпеня 2025, 11:21