Біскупы Філіпін: інтэрнэт-азарт – новая эпідэмія
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерархі падкрэсліваюць, што хуткі рост мабільных дадаткаў для азартных ставак стварыў "новы вірус, які знішчае асоб, сем'і і грамадства". Яны называюць гэта "глыбокай маральнай праблемай, схаванай пад маскай забавы і тэхналогій".
У 2024 годзе дзяржаўны ліцэнзіят азартных гульняў “Pagcor” атрымаў чысты прыбытак у 85 мільярдаў песа (прыблізна эквівалентна 1,5 мільярда долараў ЗША), прычым амаль палова паходзіла з электронных гульняў.
Паводле апытання 2023 года, 66 працэнтаў філіпінцаў ва ўзросце 18-24 гадоў і 57 працэнтаў ва ўзросце 41-55 гадоў гуляюць анлайн, часта некалькі разоў на тыдзень. 7 з 10 філіпінцаў штотыдзень выдаткоўваюць на гэта каля 1000 песа – суму, роўную дзённай заработнай плаце рабочага.
Іерархі шкадуюць пра маўчанне палітыкаў, школ і СМІ ў гэтай справе, задаючы пытанне: ці не таму гэта адбываецца, што "многія атрымліваюць з гэтага прыбытак"? Яны цытуюць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (2413), які вучыць, што гульні становяцца злом, калі вядуць да залежнасці або пазбаўляюць сродкаў для патрэб сям'і.
Біскупы лічаць "вялікім скандалам" рэкламу азартных гульняў сярод моладзі і бедных людзей і заклікаюць улады забараніць або радыкальна абмежаваць доступ да азартных платформаў праз нагляд за лічбавымі плацяжамі.
Свой зварот біскупы завяршаюць словамі пра тое, што "мы можам вызваліцца ад залежнасці праз сумленную працу", а таксама з дапамогай Божай ласкі.