MAP

Палесцінцы разбіраюць свае дамы перад уцёкамі з прычыны ўзмацнення насілля з боку ізраільскіх перасяленцаў Палесцінцы разбіраюць свае дамы перад уцёкамі з прычыны ўзмацнення насілля з боку ізраільскіх перасяленцаў 

Каталіцкі іерарх пра складаную сітуацыю на Заходнім беразе

Патрыяршы вікарый для Іерусаліма і Палестыны біскуп Уільям Шамалі выказвае глыбокую заклапочанасць пасля трох нападаў на хрысціянскую вёску Таібех.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У апошні час хрысціянская вёска Таібех на Заходнім беразе зазнала тры напады каланістаў. 14 ліпеня 2025 года туды прыбудуць з візітам салідарнасці Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П'ербатыста Піцабала і грэка-праваслаўны Патрыярх Іерусалімскі Тэафіл III.

Сітуацыя пагаршаецца з дня на дзень

Мясцовы каталіцкі пробашч ксёндз Башар Фавадлех паведамляе, што каланісты падпальваюць палі жыхароў вёскі, і агонь дасягае дамоў, могілак і касцёла. "Дзякуй Богу, няма ахвяр", - зазначае ён, заклікаючы да дапамогі палітычных і касцельных улад для гарантавання бяспекі мясцовага насельніцтва.

Такога роду падзеі на Заходнім беразе ўключаюць абмежаванне доступу да вады і паш, што ўскладняе ўтрыманне сем'яў. Неўрадавыя арганізацыі папярэджваюць, што гэта не адзінкавыя выпадкі, а частка больш шырокай праблемы.

Патрэбна міжнародная ўвага да гэтых падзей

Біскуп Шамалі заўважае, што каланісты часта паўтараюць, што гэта іх зямля, і яны маюць права свабодна карыстацца ёю. Ён выказвае заклапочанасць адсутнасцю належнай рэакцыі на акты насілля.

Анхеліта Карэда, рэгіянальная дырэктарка Нарвежскай рады па справах бежанцаў, адзначае, што палесцінскія супольнасці "вымушаны пакідаць свае землі праз насілле і запалохванне".

Дыпламатыя і дыялог – адзіныя шляхі да міру

Патрыяршы вікарый указвае на неабходнасць узмацнення міжнародных намаганняў для вырашэння сітуацыі. Ён заўважае, што роля Еўропы і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый павінна быць больш значнай у пошуку мірнага вырашэння.

Біскуп Шамалі нагадвае пра складанае гістарычнае мінулае рэгіёна, пачынаючы з падзей 1948 года, і падкрэслівае неабходнасць разглядаць бягучыя падзеі ў гэтым кантэксце.

На думку іерарха, важна працягваць дыпламатычныя намаганні, пашыраць праўдзівую інфармацыю пра сітуацыю і заахвочваць да міралюбівых падыходаў. Ён падкрэслівае, што малітва і ненасілле застаюцца важнымі сродкамі ў пошуку справядлівасці і міру для ўсіх бакоў.
 

14 ліпеня 2025, 10:33