MAP

Айцец Нікадэмус Шнабель Айцец Нікадэмус Шнабель 

Бэнэдыктыне Іерусаліма: ваюючыя бакі маргіналізуюць пакуты іншых

“Жаўнеры гінуць, а не паміраюць; тэрарыстаў нейтралізуюць. Мы стварылі амаль цалкам новы слоўнік, каб схаваць тое, што адбываецца насамрэч: людзі забіваюць людзей. Людзі гінуць ад рук людзей”, – апісаў актуальную сітуацыю ў Іерусаліме мясцовы настаяцель бэнэдыктынаў.

Ян Глінскі

Айцец Нікадэмус Шнабель у размове з Vatican News адзначыў, што ён выступае супраць “наратыву аб пераможцах і пераможаных”: “Гледзячы на апошнія тыдні, я не бачу ніякіх пераможцаў”. Па словах бэнэдыктынца, кожны бок “выстаўляе сваё цярпенне напаказ” і пры гэтым “маргіналізуе пакуты іншых”, а той іншы – гэта не чалавек, “а жывёла ў чалавечым абліччы, пачвара”.

“Да людзей ставяцца так, быццам яны не маюць ніякай каштоўнасці. Чалавечае жыццё дэгуманізуецца і дэманізуецца, – падкрэсліў нямецкі законнік. – Святасць чалавечага жыцця знішчаецца цалкам”.

Сярод гэтага “акіяну цярпення”, як дадаў айцец Шнабель, “закладнікі ўжо даўно перасталі быць прыярытэтам”. Ён згадаў пра “многіх дарагіх сяброў яўрэяў, якія ўсё яшчэ хвалююцца за закладнікаў у сектары Газа”, а таксама пра мноства сяброў сярод хрысціянаў і мусульманаў, “якія ў некаторых выпадках страцілі ўсю сваю сям’ю ў сектары Газа”.

Як нагадаў настаяцель бэнэдыктынаў у Іерусаліме, на тэрыторыі Палестынскай аўтаноміі яшчэ застаецца адзіная хрысцінская вёска Тайбех, дзе дзейнічаюць тры вельмі актыўныя парафіі: грэка-каталіцкая, грэка-праваслаўная і рыма-каталіцкая. Жыхары гэтай вёскі пастаянна падвяргаюцца нападам з боку яўрэйскіх пасяленцаў.

Па словах настаяцеля, бэнэдыктыне ў двух сваіх кляштарах – у Іерусаліме і Табхе на Генісарэцкім возеры – стараюцца быць “астравамі надзеі ў гэтым акіяне пакут”, “быць побач з людзьмі, незалежна ад таго, яўрэі яны, хрысціяне, мусульмане, друзы ці атэісты”.

Падпал кляштара ў Табхе, 2015 год
Падпал кляштара ў Табхе, 2015 год
18 ліпеня 2025, 09:24