MAP

Штаб-кватэра Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці ў Жэневе Штаб-кватэра Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці ў Жэневе 

Святы Пасад: штучны інтэлект і сістэма інтэлектуальнай уласнасці

На 66-й Асамблеі дзяржаў-членаў Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (WIPO) прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў важнасць захавання аўтарскіх правоў у эпоху штучнага інтэлекту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім выступленні арцыбіскуп Этарэ Балестрэра адзначыў, што WIPO стварыла збалансаваную і эфектыўную сістэму інтэлектуальнай уласнасці, якая стымулюе інавацыі і творчасць, палягчае абмен ведамі і тэхнічным вопытам паміж краінамі і ўнутры іх, а таксама спрыяе дасягненню мадэляў устойлівага развіцця.

Асаблівую ўвагу дыпламат надаў выклікам, якія ставіць хуткае развіццё штучнага інтэлекту. "Штучны інтэлект ставіць складаныя задачы перад сістэмамі інтэлектуальнай уласнасці, расшыраючы межы традыцыйных структур і ўзнімаючы пытанні аб аўтарстве, вынаходніцтве і абароне чалавечай творчасці", - сказаў ён.

ШІ – інструмент, які не павінен замяняць чалавека

"У гэтай сувязі Святы Пасад падкрэслівае, што 'штучны інтэлект павінен функцыянаваць як інструмент на карысць чалавека, а не для таго, каб памяншаць яго, не для таго, каб замяняць яго'", - заявіў арцыбіскуп, цытуючы словы Папы Льва XIV з яго прамовы да Міжнароднага міжпарламенцкага саюза 21 чэрвеня 2025 года.

"Паколькі штучны інтэлект перафарміроўвае сам ландшафт інавацый, абарона Богам дадзенай годнасці чалавека становіцца ўсё больш жыццёва важнай", - дадаў прадстаўнік Святога Пасада.

Рабіць свет прыгожым– значыць будаваць мір

На заканчэнне арцыбіскуп Балестрэра адзначыў, што "ў часы вайны і насілля інавацыі і творчасць могуць захаваць сутнасць прыгажосці, паколькі 'рабіць свет прыгожым – значыць будаваць мір'".

Спасылаючыся на пасланне Льва XIV да ўдзельнікаў 44-й сесіі Канферэнцыі ФАО ад 30 чэрвеня 2025 года, ватыканскі дыпламат падкрэсліў: "Сёння як ніколі раней нам неабходна стаць міратворцамі, якія працуюць дзеля агульнага дабра, на карысць усіх, а не толькі асобных людзей".
 

09 ліпеня 2025, 12:47