MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёл у Аўстраліі: "не" ўсім формам сурагатнага мацярынства

Аўстралійскі епіскапат заявіў, што ўсе формы сурагатнага мацярынства "непрымальныя" і заклікаў да больш строгага прымянення існуючай забароны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскупы ў звароце да Камісіі па рэформе права выказалі меркаванне, што трэба забараніць усе формы сурагатнага мацярынства, у тым ліку "альтруістычнае", і больш строга выконваць забарону на камерцыйнае сурагатнае мацярынства за мяжой.

Няма рэгулятыўных рамак, якія маглі б ліквідаваць уласцівую шкоду

Зараз Камісія аналізуе правілы, якія датычацца сурагатнага мацярынства. Яны адрозніваюцца ў розных штатах, хоць камерцыйнае сурагатнае мацярынства, пры якім жанчына нараджае дзіця для іншай пары за ўзнагароджанне, у Аўстраліі незаконнае.

У Новым Паўднёвым Уэльсе нядаўнія змены ў заканадаўстве дазваляюць людзям, якія атрымалі дзіця праз сурагатнае мацярынства за мяжой, афіцыйна аформіць бацькоўства пасля вяртання ў краіну.

Дзеці не маюць голасу, але менавіта яны нясуць найбольш сур'ёзныя наступствы

Біскуп Тоні Пэрсі, дэлегат па пытаннях жыцця, сужэнства і сям'і, выказаў занепакоенасць тым, што паўнамоцтвы Камісіі былі сфармуліраваны так, каб палегчыць доступ да гэтай практыкі, а не абмежаваць яе.

"Хоць боль бясплоддзя рэальны і заслугоўвае спачування, не ўсе рэакцыі на пакуты справядлівыя. Сурагатнае мацярынства ставіць жанчын і дзяцей у сітуацыі павышанай медыцынскай рызыцы, выклікае працяглую эмацыянальную траўму і адчыняе дзверы для эксплуатацыі", - адзначылі біскупы.

"У выпадку дзяцей яно парушае асноўныя правы чалавека, уключаючы права на ідэнтычнасць і паходжанне. Закон павінен абараняць іх права быць зачатымі і выхаванымі ў асяроддзі, дзе іх любяць, а не вырабляюць паводле дамовы", - гаворыцца ў заяве аўстралійскага епіскапату.
 

16 ліпеня 2025, 10:42