MAP

Іван Салтаноўскі з кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам Іван Салтаноўскі з кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам  (Vatican Media)

Расійскі дыпламат высока ацэньвае ініцыятывы Святога Пасада

Пасол Расіі пры Святым Пасадзе адзначыў важнасць гуманітарных намаганняў Святога Пасада ў расійска-ўкраінскім канфлікце, аднак выказаў сумневы наконт магчымасці правядзення мірных перамоў у Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іван Салтаноўскі ў інтэрв'ю для італьянскага каталіцкага выдання "Avvenire" высока ацаніў гатоўнасць Святога Пасада правесці расійска-ўкраінскія мірныя перамовы ў Ватыкане, але прызнаўся, што складаная для рэалізацыі ініцыятыва.

Паводле расійскага дыпламата, галоўнай перашкодай для такіх перамоў з'яўляюцца санкцыі Еўрапейскага саюза супраць Расіі, якія абмяжоўваюць свабоду перамяшчэння. Салтаноўскі лічыць, што далейшыя сустрэчы ў Турцыі будуць больш практычнымі, бо гэтая краіна НАТА не ўвяла санкцыі супраць Расіі.

Салтаноўскі выказаў асаблівую падзяку за гуманітарныя ініцыятывы Святога Пасада ў кантэксце вайны, асабліва ў пытаннях абмену ваеннапалоннымі і вяртання ўкраінскіх дзяцей да іх сем'яў.

"У рэальнасці гаворка ідзе пра самае большае 300 або 400 непаўналетніх, якіх шукаюць іх бацькі. 100 дзяцей ужо вярнуліся да сваіх украінскіх бацькоў, 22 – да бацькоў у Расіі", - патлумачыў дыпламат. Паводле яго слоў, асабліва важную ролю ў гэтым працэсе адыгралі спецыяльны пасланнік Папы кардынал Матэа Дзупі і апостальскія нунцыі ў Маскве і Кіеве.

Дыпламат з вялікай павагай адносіцца да заклікаў Льва XIV да міру, аднак адзначае, што для дасягнення "справядлівага і трывалага міру, да якога заклікае Папа", неабходна спачатку ліквідаваць прычыны канфлікту. "Гэта ўключае пагрозу нашай бяспецы з боку тых, хто падштурхоўвае Украіну ў кірунку НАТА. Украіна павінна быць нейтральнай краінай", - заявіў пасол.

У якасці дадатковых умоў ён таксама назваў абарону рускай мовы ў некаторых частках Украіны і роўныя правы для Рускай Праваслаўнай Царквы ў гэтай краіне.

На пытанне пра магчымы візіт Святога Айца ў Расію Салтаноўскі адказаў: "Гэтага зараз няма ў планах. Але рэлігійнае вымярэнне вельмі важнае".
 

21 ліпеня 2025, 11:55