Амерыканскі рэжысёр адкрывае карані Папы Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ад трукаў на веласіпедзе перад сямейным домам будучага Папы да сядзення на "папскім крэсле" ў яго любімай мясцовай піцэрыі – амерыканскі рэжысёр Роб Качмарк адлюстраваў шлях Льва XIV у сваім новым кароткаметражным фільме "Ён адзін з нас" (He’s One of Us). Стужка, створаная каталіцкай кінастудыяй “Spirit Juice”.
"Я ўсё яшчэ ўражаны тым, што Папа Леў паходзіць адсюль. Ён адзін з нас. Незалежна ад таго, адкуль ты, Бог можа цябе паклікаць, трэба толькі быць адкрытым на Яго заклік", - гаворыць Качмарк у фільме.
Сам рэжысёр вырас усяго ў некалькіх хвілінах язды ад роднага горада Папы – Долтана ў штаце Іліноіс. З камерай ён наведаў некалькі ключавых месцаў, звязаных з жыццём Роберта Прэвоста ў Чыкага: яго родную парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і стадыён “Guaranteed Rate Field”, дзе цяперашні Папа прысутнічаў на фінальным матчы “World Series” у 2005 годзе.
Качмарк не толькі прадстаўляе розныя мясцовыя гістарычныя цікавосткі, але і дзеліцца асабістымі гісторыямі пра тое, як гэтыя месцы паўплывалі на маладыя гады цяперашняга Біскупа Рыма. У “Aurelio's” – любімай піцэрыі Папы, якая нядаўна ўвяла спецыяльную піцу "pope-a-roni" – рэжысёр распавядае, што менавіта там ён сказаў сваім бацькам, што яны з жонкай чакаюць першае дзіця.
Яшчэ адным прыпынкам на шляху была сярэдняя школа Святой Рыты Каскійскай, дзе будучы Папа выкладаў матэматыку і фізіку. Качмарк сказаў у інтэрв'ю для агенцтва “CNA”, што ў яго было некалькі сяброў, якія наведвалі гэтыя заняткі, а сам ён праводзіў у гэтай школе шмат часу ў 1990-я гады як дыджэй на школьных вечарынах.
"Ходзячы зараз па вуліцах горада, безумоўна, адчуваецца ўзрушэнне, мне здаецца, што Чыкага жыве Папам Львом", - адзначае рэжысёр.
Убачыўшы, якое ўзрушэнне выклікаў новаабраны Папа ў сваім родным горадзе, Качмарк выказаў перакананне, што "Чыкага мае шанс змяніцца, таму што Леў XIV адсюль паходзіць" і што гэта таксама "шанс для ўсіх Злучаных Штатаў".
Ён таксама выказаў спадзяванне на тое, што гэты пантыфікат дапаможа Касцёлу весці вернікаў шляхам, які не будзе звязаны з палітычнымі праграмамі, але сапраўды наблізіць людзей да Хрыста.