MAP

Разбураная грэка-праваслаўная царква ў Дэйр-эз-Зоры, Сірыя Разбураная грэка-праваслаўная царква ў Дэйр-эз-Зоры, Сірыя 

"Дапамога Касцёлу ў патрэбе": больш увагі да сірыйскіх хрысціян

Папскі фонд "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" звяртае ўвагу на пагаршэнне становішча хрысціян у Сірыі і заклікае да міжнароднай падтрымкі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Хрысціяне ў Сірыі адчуваюць сябе ўсё больш і больш адзінокімі, паведамляе Папскі фонд "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" пасля шэрагу тэлефонных зваротаў ад сваіх партнёраў у рэгіёне.

Заклік аб дапамозе ў час нарастаючай пагрозы

"Просім аб умяшанні Захаду, Ватыкана і ЕС", - заклікаў айцец Фадзі Азар з горада Латакія пасля нападу на грэка-праваслаўны храм у Дамаску. Манах асудзіў палітыкаў за баналізацыю нападаў на хрысціян і называнне іх "адзінкавымі выпадкамі".

"Хрысціяне ў Сірыі вельмі пакутуюць. Мы хочам толькі справядлівасці. Хрысціяне маюць права жыць у бяспечнай краіне і маліцца ў спакоі", - сказаў францішканін. Апрача апошняга нападу, былі і іншыя праявы насілля: стрэлы перад храмамі ў Хомсе і Хаме, выкраданні людзей, дыскрымінацыя на працы.

Небяспека новай грамадзянскай вайны

Сітуацыя з бяспекай у краіне пагоршылася пасля змены ўлады ў Сірыі ў канцы 2024 года. Пагроза закранае не толькі хрысціян, але і іншыя супольнасці. Айцец Азар нагадаў пра трагедыю алавіцкай мусульманскай супольнасці ў рэгіёне Латакія, дзе загінула больш за 1300 чалавек.

Паводле мясцовых назіральнікаў, за апошнім нападам стаіць ісламісцкая група Сарая Ансар аль-Суна, якая мае сувязі з тэрарыстамі "Ісламскай дзяржавы". "Гэтыя групы імкнуцца да фанатычнага ісламісцкага рэжыму, а не грамадзянскай дзяржавы”, - падкрэсліў айцец Азар.

Многія хрысціяне зноў разглядаюць магчымасць уцёкаў з краіны. Сёння ў Сірыі засталося толькі каля 250 тысяч хрысціян (менш за 3 працэнта насельніцтва), тады як да пачатку грамадзянскай вайны ў 2011 годзе іх было 1,5 мільёна.
 

30 чэрвеня 2025, 09:56