Аўстрыйскі кардынал асцерагае ад росту эгаізму і ксенафобіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Сацыяльная згуртаванасць і ўзаемны клопат не з'яўляюцца відавочнымі, іх трэба свядома падтрымліваць", - заявіў кардынал Крыстаф Шонбарн у інтэрв'ю з нагоды 150-годдзя "Дома Міласэрнасці". Арцыбіскуп-эмерыт Венскі выказаў глыбокую занепакоенасць узрастаючым ціскам на пажылых людзей, каб яны "добраахвотна" скончылі сваё жыццё.
Краіна эгаістаў не будзе мець добрай будучыні
"У нашым грамадстве мы прызвычаіліся лічыць відавочнымі ўсе даброты, якімі карыстаемся ў нашай краіне", - адзначыў кардынал. - У Аўстрыі высокія падаткі, але і адна з найлепшых сістэм аховы здароўя ў свеце, выдатная інфраструктура і дзейсная сацыяльная дзяржава".
"У нашым дабрабыце мы зрабіліся такімі індывідуалістамі, што хоць і прымаем сацыяльную ролю Касцёла як штосьці натуральнае, але многія не хочуць рабіць свой уласны ўнёсак", - падкрэсліў ён, турбуючыся за будучыню краіны.
Ксенафобія – гэта стрэл у сваю нагу
Кардынал асабліва вылучыў каштоўнасць укладу мігрантаў. "Чым была б сёння Аўстрыя без работнікаў ва ўсіх галінах, якіх мы маем дзякуючы іміграцыі?", - пытаецца ён. " Як бы выглядала наша сістэма аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння без людзей, якія пакінулі сваю Радзіму, каб працаваць тут?" Ён лічыць прыхаваную ксенафобію "стрэлам у сваю нагу".
Шонбарн таксама выказаў глыбокую занепакоенасць узрастаючым ціскам на карысць эўтаназіі. "У Бельгіі, Нідэрландах, Іспаніі – пытанне эўтаназіі імкліва пашыраецца", - заўважыў ён, дадаючы, што такі ціск узмацняецца і ў Аўстрыі.
Кардынал вітае паляпшэнне фінансавання хоспіснага руху, што дазваляе людзям годна развітвацца з жыццём, але шкадуе пра адкрыццё шляху да дапамогі ў самагубстве.