MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

75 гадоў падзелу: католікі Карэі моляцца аб яднанні

У 75-ю гадавіну пачатку Карэйскай вайны католікі Паўднёвай Карэі сабраліся на малітву аб прымірэнні і нацыянальным адзінстве ў катэдры Сеула.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Больш за тысячу вернікаў сабраліся 22 чэрвеня 2025 года ў катэдры Сеула на літургію, прысвечаную 75-й гадавіне пачатку Карэйскай вайны. Імшу ў інтэнцыі прымірэння і нацыянальнага адзінства ўзначаліў арцыбіскуп Сеула і апостальскі адміністратар Пхеньяна Пітэр Чунг Сун-Таік.

Жыццё ў атмасферы нянавісці і канфрантацыі

"Жывучы ў стане падзелу, Поўнач і Поўдзень пяшчотна гадуюць нянавісць і варожасць у атмасферы пастаяннага напружання. Кожны вернік нашага Касцёла павінен маліцца за братоў і сясцёр у Паўночнай Карэі і аднавіць пачуццё салідарнасці, заснаванае на братэрстве", - сказаў арцыбіскуп.

Вайна, распачатая 25 чэрвеня 1950 года, забрала жыцці каля 3 мільёнаў чалавек. Перамір'е 1953 года спыніла актыўныя ваенныя дзеянні, але не прывяло да мірнай дамовы, пакінуўшы абедзве дзяржавы фармальна ў стане вайны.

Ад "Іерусаліма Усходу" да пераследу хрысціян

Біскуп Сайман Кім Джу-янг, старшыня Камісіі епіскапату па прымірэнні, нагадаў, што да вайны Пхеньян называлі "Іерусалімам Усходу", бо там прысутнічала актыўная хрысціянская супольнасць. У 1945 годзе ў сучаснай Паўночнай Карэі было каля 50 тысяч католікаў і больш за 100 тысяч пратэстантаў.

Большасць духавенства на Поўначы была арыштавана або забіта пасля пачатку вайны. Касцёл распачаў працэс беатыфікацыі 40 бенедыктынскіх манахаў і манахінь з абацтва Токвон, забітых камуністамі.

Надзея на будучыню і Сусветныя дні моладзі

Айцец Чунг Су-янг, віцэ-старшыня камісіі па прымірэнні, выказаў надзею на тое, што маладое пакаленне адыграе ключавую ролю ў пабудове міру, асабліва ў кантэксце Сусветных дзён моладзі 2027 года ў Сеуле. "У святле вайны Расіі з Украінай і канфлікту Ізраіль-Іран прымірэнне на Карэйскім паўвостраве мае велізарнае глабальнае значэнне", - падкрэсліў ён.

Сёння ў Паўночнай Карэі не засталося ніводнага каталіцкага святара, а сама краіна трымае сумнае першынство сярод дзяржаў свету па парушэнні рэлігійнай свабоды. Аднак, насуперак усяму, некаторыя ўцекачы з Поўначы адкрываюць для сябе каталіцкую веру, калі трапляюць на Поўдзень.
 

30 чэрвеня 2025, 11:47