MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

“Caritas” далучаецца да закліку Папы Льва XIV

На фоне напружанасці паміж Ізраілем і Іранам “Caritas Internationalis” падтрымлівае заклік Папы Льва XIV да міру і падкрэслівае катастрафічную гуманітарную сітуацыю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Бачачы шматлікія парушэнні міжнароднага права і знявагу чалавечай годнасці, арганізацыя настойліва заклікае да неадкладных дзеянняў.

"Сёння чалавецтва крычыць і патрабуе міру. Гэты крык не павінен быць заглушаны грукатам зброі", - працытавала “Caritas” словы Папы, сказаныя перад малітвай “Анёл Панскі”. Святы Айцец нагадаў, што "не існуе далёкіх канфліктаў, калі пад пагрозай знаходзіцца чалавечая годнасць".

У Газе з пачатку канфлікту загінула больш за 55 600 грамадзянскіх асоб, за гэтымі лічбамі – разбураныя сем'і і страчаная надзея. Жыхарам адмаўляюць у доступе да асноўных паслуг, яны пакутуюць ад голаду і адчаю.

"Словы асуджэння самі па сабе недастатковыя. Нам патрэбна палітычная воля для дыялогу і канкрэтныя дзеянні", - падкрэсліваецца ў заяве. Арганізацыя заклікае міжнародную супольнасць абараняць мір, прытрымлівацца міжнароднага права і забяспечваць бесперашкодную гуманітарную дапамогу, якая павінна прапанавацца без палітычных матываў.

“Caritas” пацвярджае сваё абавязацельства падтрымліваць ахвяр канфлікту і заклікае, каб дапамога дасягала тых, хто мае ў ёй найбольшую патрэбу. "Будучыня рэгіёна і свету залежыць ад адказнага лідарства і нашага калектыўнага абавязацельства на карысць справядлівасці, міру і павагі да чалавечай годнасці", - гаворыцца ў заяве папскага фонду.
 

26 чэрвеня 2025, 10:10