MAP

Карданл П'етра Паралін падчас прэзентацыі павільёна Святога Пасада ў рамках “Expo 2025” у Осацы Карданл П'етра Паралін падчас прэзентацыі павільёна Святога Пасада ў рамках “Expo 2025” у Осацы  

Святы Пасад на “Expo 2025”: заклік да прыгажосці і надзеі

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы падкрэсліў важнасць прыгажосці і надзеі як універсальных каштоўнасцей падчас выступлення на Сусветнай выставе ў Японіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал П'етра Паралін 29 чэрвеня 2025 года выступіў з прамовай на Дні Святога Пасаду ў рамках “Expo 2025” у Осацы. Ён перадаў прывітанне ад Папы Льва XIV і падзякаваў арцыбіскупу Рына Фізікеле за каардынацыю ўдзелу Святога Пасада ў выставе.

Гісторыя супрацоўніцтва, якая пераадольвае стагоддзі

"Сёлета адзначаецца шэраг гадавін, якія сведчаць пра даўнія сувязі паміж Святым Пасадам і Японіяй", - адзначыў Дзяржсакратар. У сваім выступленні ён назваў некалькі знакавых гістарычных дат: 470-годдзе першай папскай аўдыенцыі для японскага католіка ў 1555 годзе, 440-годдзе першай японскай дыпламатычнай місіі ў Еўропу і 80-годдзе атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі.

"Нягледзячы на розныя культурныя і рэлігійныя карані, мы даўно вырашылі лепш пазнаваць адзін аднаго і цаніць узаемныя каштоўнасці", - падкрэсліў высокі прадстаўнік Святога Пасада.

Прыгажосць як духоўная і сацыяльная каштоўнасць

Асаблівую ўвагу кардынал надаў двум тэмам, якія сталі лейтматывам ватыканскага павільёна: прыгажосці і надзеі. Ён растлумачыў, што для католікаў гэтыя каштоўнасці адлюстроўваюць Хрыста і Яго дзеянне ў гісторыі. "Ёсць грамадская прыгажосць, якая сыходзіць ад ініцыятыў салідарнасці, валанцёрскіх праектаў і выбару на карысць прымірэння", - падкрэсліў кіраўнік ватыканскай дэлегацыі.

"Мы маем вялікую патрэбу ў сапраўднай прыгажосці ў нашым свеце", - заўважыў высокі іерарх, дадаўшы, што тэхналагічны прагрэс, хоць і важны, але недастатковы для надання поўнага сэнсу нашаму жыццю.

Надзея як рухавік сацыяльных перамен

Гаворачы пра надзею, кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада падкрэсліў яе грамадскае вымярэнне, якое выходзіць за межы асабістага поспеху і ператвараецца ў канкрэтнае дзеянне на карысць агульнага дабра.

Завяршаючы сваё выступленне, кардынал Паралін працытаваў словы Папы Льва XIV пра неабходнасць "будаваць масты, весці дыялог і аб'ядноўваць намаганні для садзейнічання раззбройваючаму, пакорнаму і непахіснаму міру”.
 

30 чэрвеня 2025, 09:27