Халдэйскі іерарх: у Іране можа паўтарыцца іракскі сцэнарый
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пастыр халдэйскіх хрысціян у Еўропе засцярог ад наступстваў вымушанага ваеннымі дзеяннямі перавароту ў Іране. "Мы ўжо перажылі тое, што адбылося ў Іраку", - сказаў апостальскі візітатар для Еўропы, прымаючы групу нямецкіх католікаў з Падэрборна ў сваёй рэзідэнцыі ў шведскім Сёдэртэлье.
Пасля звяржэння дыктатара краіна дзесяцігоддзямі пакутуе ад вайны
Пасля звяржэння Садама Хусэйна Ірак дзесяцігоддзямі пакутаваў ад грамадзянскай вайны. "Калі хочаш адбудаваць краіну, патрэбны гады і дзесяцігоддзі, каб вылечыць псіхалагічныя і грамадскія раны вайны", - падкрэсліў халдэйскі іерарх.
Паводле епіскапа Ханы, цяпер у рэгіёне Стакгольма жыве каля 20 тысяч халдэйскіх каталіцкіх хрысціян, а ўсяго ў Швецыі – каля 30 тысяч. Яны складаюць другую па велічыні этнічную групу католікаў пасля палякаў, прыбыўшы ў гэтую краіну як уцекачы пасля войнаў у Персідскім заліве і ў Сірыі.
Новая вайна можа выклікаць новую хвалю ўцекачоў
На сустрэчы, якая адбылася 21 чэрвеня 2025 года, яшчэ да нападу ЗША на Іран, біскуп выказаў асцярогу, што новая вайна паміж Ізраілем і Іранам таксама можа прывесці да руху ўцекачоў, бо "пры ўсіх палітычных ускладненнях цяжка прадухіліць эміграцыю".
Халдэйская Каталіцкая Царква з'яўляецца Усходняй Каталіцкай Царквой у поўнай еднасці з Рымам. Біскуп Хана, які сам перажыў выпрабаванні вайны ў Іраку, рэгулярна прыцягвае ўвагу да складанай сітуацыі хрысціян на Блізкім Усходзе.