Арцыбіскуп Галахер у Гаване: 90 гадоў дыпадносін з Кубай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 4 чэрвеня 2025 года ўзначаліў Імшу ў Катэдры Беззаганнага Зачацця ў Гаване ў рамках афіцыйнага візіту на Кубу з нагоды 90-годдзя дыпламатычных адносін.
У сваёй гаміліі дыпламат нагадаў пра важную ролю дыпламатычных адносін, якія "далі магчымасць адчуць прысутнасць і блізкасць Святога Айца". Ён узгадаў знакавыя візіты Яна Паўла II, Бэнэдыкта XVI і 10-гадовы юбілей візіту Францішка, перадаўшы прывітанне ад Папы Льва XIV, які запэўнівае ў сваёй асаблівай прыхільнасці да кубінскага народа.
Спасылаючыся на лацінскі дэвіз Папы Льва XIV – "In illo uno unum", арцыбіскуп Галахер падкрэсліў важнасць еднасці як у Касцёле, так і ў міжнародных адносінах.
"Мір, справядлівасць і праўда – тры падмуркі, на якіх трымаецца дыпламатыя Святога Пасада", - падкрэсліў высокі прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі, дадаўшы, што, абапіраючыся на гэтыя каштоўнасці і дзеля дабрабыту ўсяго кубінскага народа, кіраўніцтва краіны заўсёды можа спадзявацца на руплівае супрацоўніцтва з боку Апостальскай Сталіцы.