Біскупы заклікаюць ЕС вярнуцца да першапачатковых каштоўнасцей
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) 24 чэрвеня 2025 года апублікавала дакумент "Роля Еўрапейскага Саюза ў зменлівым свеце: Ад заснавальніцкага бачання да глабальнай місіі" напярэдадні пасяджэння Еўрапейскай Рады 26-27 чэрвеня 2025 года.
Вернасць духоўным караням
У дакуменце адзначаецца, што ва ўмовах нарастаючай геапалітычнай напружанасці глабальная роля ЕС усё больш аспрэчваецца. Біскупы заклікаюць ЕС застацца верным сваёй асноўнай місіі пашырэння міру і ўстойлівага развіцця, рэалізуючы салідарнасць як унутры сваіх меж, так і па-за імі.
"Выдаткі на абарону павінны заставацца прапарцыйнымі рэальным патрэбам," - адзначаецца ў дакуменце, які заклікае да распрацоўкі "еўрапейскай мірнай стратэгіі" для ўмацавання інтэгральнага падыходу ЕС да бяспекі чалавецтва.
Тры ключавыя сферы рэкамендацый
Дакумент прапаноўвае канкрэтныя рэкамендацыі ў трох абласцях: абарона, бяспека і мір; пашырэнне ЕС і палітыка суседства; гандаль і міжнароднае партнёрства.
Біскупы таксама рэкамендуюць "імкнуцца да працэсу пашырэння, заснаванага на справядлівасці і арыентаванага на грамадзян, пры адначасовым закліку да ўнутраных рэформ ЕС для інтэграцыі будучых членаў".
У сувязі з Юбілеем палітыкаў, які напярэдадні адзначаў Каталіцкі Касцёл, публікацыя дакумента з'яўляецца таксама запрашэннем да ўсіх, хто нясе палітычную адказнасць у ЕС, разважыць над сваім пакліканнем служэння міру, справядлівасці і агульнаму дабру.