MAP

Хірасіма пасля атамнага ўдару ў 1945 годзе Хірасіма пасля атамнага ўдару ў 1945 годзе 

80 гадоў пасля Хірасімы: заклік да раззбраення

Каталіцкія біскупы Японіі выступілі з тэрміновым зваротам за поўную ліквідацыю ядзернай зброі напярэдадні 80-й гадавіны атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Канферэнцыя Біскупаў Японіі – адзінай краіны, якая зазнала атамныя бамбардзіроўкі – пацвердзіла сваю "моцную прыхільнасць да ліквідацыі ядзернай зброі", паведаміла агенцтва “UCANews”. Заява выдадзена перад 80-й гадавінай бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, якія адбыліся 6 і 9 жніўня 1945 года і прывялі да смерці больш за 214 тысяч чалавек.

"Шмат людзей дагэтуль пакутуюць ад наступстваў бамбардзіровак. Гэтая трагедыя ніколі не павінна паўтарыцца", - падкрэслілі біскупы. Яны асудзілі распрацоўку, валоданне і выкарыстанне ядзернай зброі як этычна непрымальныя, адзначыўшы, што яна знішчае годнасць чалавека і свет, створаны Богам.

У чатырохпунктавым плане японскія прадстаўнікі Касцёла абавязаліся працягваць адукацыю аб нечалавечым характары ядзернай зброі, падтрымліваць рухі раззбраення і патрабаваць ратыфікацыі Японіяй дагавора аб забароне ядзернай зброі.

Біскупы таксама выказалі занепакоенасць "адваротам" Японіі ад пацыфісцкага курсу, указваючы на рост ваенных выдаткаў і спробы змяніць артыкул 9 канстытуцыі, які абавязвае краіну да адмовы ад вайны.
 

25 чэрвеня 2025, 10:37