MAP

Штаб-кватэра Аб'яднаных Нацый Штаб-кватэра Аб'яднаных Нацый  Калонка рэдактара

Рэдактар ватыканскіх СМІ: статут ААН – 80 гадоў крохкаму цуду

У сваёй аўтарскай рубрыцы Андрэа Тарніелі, галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ, разважае пра 80-годдзе Статута ААН і неабходнасць адраджэння мультылатэралізму ў сучасным свеце.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

80 гадоў таму, 26 чэрвеня 1945 года, у Сан-Францыска быў падпісаны Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, які ў сваёй прэамбуле вызначае мэту "выратаваць будучыя пакаленні ад бедства вайны" і "садзейнічаць грамадскаму прагрэсу і больш высокаму ўзроўню жыцця ў больш шырокай свабодзе".

Нам як ніколі патрэбны гэты крохкі цуд

"Праз 80 гадоў гэтая ўстанова – храм мультылатэралізму, сэнс існавання якой заключаецца ў перавазе перамоў над ужываннем сілы, падтрыманні міру і павазе да міжнароднага права – выяўляе ўсе свае “маршчыны", - піша Тарніелі.

"І ўсё ж яго стварэнне было сапраўдным цудам, які адбыўся ў амерыканскім горадзе, названым у гонар Святога з Асізі. Крохкім цудам, як шкло Шклянога Палаца, які прывёў да важных вынікаў: кадыфікацыі і развіцця міжнароднага права, пабудовы нарматыў правоў чалавека, удасканалення гуманітарнага права, вырашэння многіх канфліктаў і шматлікіх аперацый міру і прымірэння".

"Нам як ніколі патрэбны гэты крохкі цуд, - падкрэслівае рэдактар. - Мы павінны зрабіць яго менш крохкім, верыць у яго, як паказалі сваю веру Пераемнікі Пятра, якія з 1965 па 2015 год наведвалі Шкляны Палац".

Міжнародны парадак навязваецца самым моцным

Тарніелі цытуе нядаўнія словы міністра абароны Італіі Гвіда Кразэта: "Міжнародны парадак звычайна навязваецца кімсьці, самым моцным, які можа вырашыць, што тое права ў некаторых выпадках не мае значэння. Гэта тое, што мы перажываем зараз... Таму што мультылатэралізм знік, а ААН мае такую ж вагу ў свеце, як і Еўропа – амаль ніякай!"

Рэдактар адзначае, што не патрэбна асаблівае ўяўленне, каб зразумець, да чаго адносяцца гэтыя словы: дастаткова паглядзець хаця б на тое, што адбылося за апошнія тры гады, ад расійскай агрэсіі супраць Украіны да нечалавечага нападу Хамас на Ізраіль 7 кастрычніка; ад вайны, якая знішчыла Газу, ператварыўшы яе ў прывідны курган руін і трупаў, да трывожнага канфлікту паміж Ізраілем і Іранам, у які таксама ўмяшаліся Злучаныя Штаты.

"На жаль, гэта праўда, міжнародны парадак навязваецца наймацнейшым, які вырашае, калі абвяшчаць, а калі забываць міжнароднае права і гуманітарнае права, у залежнасці ад выгады", - падкрэслівае аўтар.

Шляхі мультылатэралізму і перамоў – гэта шляхі, абраныя 80 гадоў таму, якія з'яўляюцца адзінай альтэрнатывай для нашага свету, так блізкага да бездані самазнішчэння, - падсумоўвае Андрэа Тарніелі.

 

26 чэрвеня 2025, 14:00