Джанатан Румі: ніколі не думаў, што ўбачу амерыканскага Папу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Калі Леў XIV быў абраны, я плакаў, бо ніколі не думаў, што змагу пабачыць амерыканскага Папу," - прызнаўся Джанатан Румі на сустрэчы з журналістамі ў Ватыкане 23 чэрвеня 2025 года. Для католіка Румі, які павінен сустрэцца з народжаным у Чыкага Папам Львом XIV у сераду 25 чэрвеня 2025 года, знаходжанне ў Ватыкане – "велізарны гонар".
"Яго пантыфікат надзвычайны па многіх прычынах," - адзначыў акцёр. - Цудоўна камунікаваць са Намеснікам Хрыста на зямлі на роднай мове. Гэта ашаламляе”. Румі спадзяецца, што новаму Папу ўдасца прынесці мір. Што ён скажа Льву XIV падчас аўдыенцыі ў сераду, акцёр яшчэ думае. "У любым выпадку, я жадаю яму сілы Духа Святога," - дадаў ён.
Румі выказаўся падчас прэзентацыі пятага сезона серыяла "Выбраныя" ("The Chosen"), запланаванага на ліпень. Серыял апавядае гісторыю жыцця Езуса, Яго Маці Марыі, вучняў і Марыі Магдалены. Да нядаўняга часу здымачная група працавала ў паўднёвай Італіі ў Матэры, здымаючы, сярод іншага, Апошнюю Вячэру і Укрыжаванне. У наступных сезонах будзе паказана таксама Уваскрасенне.
Серыял перакладзены прыкладна на 50 моў і штогод яго глядзяць каля 300 мільёнаў чалавек. Пачаты ў 2019 годзе праект цяпер папулярны на пяці кантынентах, паведаміў Далас Джэнкінс, стваральнік і рэжысёр "Выбраных". Больш за 30 працэнтаў гледачоў ва ўсім свеце – няверуючыя. "Наша мэта – пазнаёміць з асобай і гісторыяй Езуса Хрыста," - адзначыў пратэстанцкі хрысціянін.
Дзякуючы серыялу, многія людзі ўжо былі "выратаваны", знайшоўшы жыццёвую мужнасць або прыйшоўшы да веры, сказаў Джэнкінс. Многія атаясамліваюць сябе, напрыклад, з Марыяй Магдаленай, якая ўпершыню адчула чалавечую годнасць, калі Езус назваў яе па імені, дадаў аўтар і прадзюсар.
Галоўны герой Румі парэкамендаваў палітыкам больш чалавечнасці і любові да бліжняга паводле прыкладу Езуса. "Калі я чую ўсё тое, што зараз адбываецца ў свеце: кожны павінен мець крыху больш 'Езуса' ў сваім жыцці, перш чым прымаць рашэнні," - сказаў акцёр. - Тады ў нас быў бы зусім іншы свет, у еднасці, міры і любові."