Амерыканская перспектыва Льва XIV: погляд каталіцкага публіцыста
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Амерыканскі каталіцкі публіцыст Мэцью Уолтэр, выдавец часопіса "The Lamp", апублікаваў у "New York Times" грунтоўны аналіз значэння амерыканскага паходжання новага Пантыфіка. Аўтар звяртае ўвагу на гістарычны кантэкст, у якім развіваўся амерыканскі каталіцызм, і як гэты вопыт можа дапамагчы Льву XIV у кіраванні ўсім Каталіцкім Касцёлам.
Уолтэр параўноўвае сучасную сітуацыю Касцёла з сярэднявеччам і яго "абавязковым грамадствам" (паняцце, уведзенае гісторыкам Саўтэрнам у 1970 годзе). "Сёння нам цяжка ўявіць Каталіцкі Касцёл не як дабравольнае аб'яднанне асоб, а як цэласны сацыяльны арганізм, з якога можна было выйсці толькі праз экскамуніку, якая пагражала вечным асуджэннем," - адзначае публіцыст.
Паводле Уолтэра, у постіндустрыяльным заходнім свеце рэлігія стала пытаннем выбару, нават для тых, хто быў ахрышчаны ў немаўляцтве. Каталіцызм, як і іншыя рэлігіі, "падпарадкоўваецца сёння рынкавай логіцы, вымушаны канкурыраваць з іншымі шляхамі пошуку самарэалізацыі ў супольнасці аднадумцаў".
Гэта найбольш відавочна ў Злучаных Штатах, дзе "Каталіцкі Касцёл заўсёды дзейнічаў без падтрымкі дзяржавы, у атачэнні многіх іншых рэлігійных варыянтаў, часта змагаючыся за выжыванне".
Публіцыст падкрэслівае, што значэнне "амерыканскасці" Льва XIV выходзіць за рамкі самога факта выбрання першага амерыканскага Папы. "Пад гэтым поглядам яго паходжанне можа стаць адным з яго найбуйнейшых актывам як лідара Касцёла," - сцвярджае Уолтэр.
Аўтар звяртае ўвагу на ўнікальны сямейны досвед цяперашняга Папы. Нашчадак крэолаў (у перапісе насельніцтва 1900 года сям'ю яго маці вызначылі як чарнаскурую), будучы Папа рос у парафіі, будынак храма якой сёння дэсакралізаваны, а сцены пакрыты графіці. У яго ёсць два браты з вельмі рознымі жыццёвымі шляхамі: Джон, пенсіянер-дырэктар школы, які ўсё жыццё пражыў у раёне Чыкага, і Луіс, які жыве ў Фларыдзе і з'яўляецца гучным прыхільнікам Трампа, апісваючы сябе як "нерэлігійнага чалавека".
"Сацыяльны ўздым братоў з цагляных дамкоў да прафесійнага класа, іх палітычнае і геаграфічнае раз'яднанне – гэта квінтэсэнцыя амерыканскай гісторыі каталіцызму пасля Другога Ватыканскага Сабора, гэта аповесць аб разрыве, мабільнасці і свабодным выбары," - піша Уолтэр. Пры гэтым браты дагэтуль размаўляюць паміж сабой штотыдзень па тэлефоне.
Уолтэр адзначае, што гэты талент да аб'яднання быў відавочны і раней. У 2012 годзе падчас Сінода, прысвечанага евангелізацыі ў сучасным свеце, будучы Папа казаў, што Каталіцкі Касцёл часта гаворыць мовай, незразумелай для навакольнай культуры. "У такіх умовах абвяшчэння праўды недастаткова, трэба разумець кантэкст. Абвяшчэнне праўды ў любові датычыцца не толькі таго, чаму Касцёл навучае, але таксама як, калі і каго," - падкрэслівае аўтар.
"Гэта нешта зусім іншае, чым акадэмічны падыход факультэта тэалогіі ці бюракратычная перспектыва Курыі. Леў XIV успрымае Касцёл не як тэорыю для праверкі ці праграму для ўкаранення, а як рэальнасць для перажывання, часта хаатычна, непаслядоўна, з большым энтузіязмам, чым яснасцю," - піша публіцыст.
Звяртаючыся да гістарычнай перспектывы, Уолтэр адзначае, што Леў XIII быў першым Папам, які шырока пісаў пра Злучаныя Штаты. У энцыкліцы "Longinqua Oceani" ад 6 студзеня 1895 года ён выказваў умераны аптымізм у адносінах да Амерыкі, разглядаючы яе як перспектыўную, але ўсё яшчэ перыферыйную частку Касцёла, залежную ад духоўнай і інтэлектуальнай падтрымкі Еўропы.
"Наш асаблівы і неаднародны досвед каталіцызму даў нам выключнае разуменне. Каталіцызм прыйшоў сюды позна – на схіле эпохі хрысціянства. Ён выжыў не дзякуючы імперскім прывілеям, а праз адаптацыю. Ён выжыў як этнічная ідэнтычнасць і крыніца маральнай мовы, якая дала нам як New Deal, так і скасаванне прысуду Roe супраць Wade," - падкрэслівае публіцыст.
Завяршаючы свае разважанні, Уолтэр выказвае меркаванне, што "калі Леў XIV здолее ахапіць усё гэта, яго амерыканскія карані, безумоўна, адыграюць у гэтым сваю ролю. Яго выбар не з'яўляецца прыкметай канчатковай капітуляцыі Ватыкана перад сучаснасцю, а нагадваннем, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, Касцёл трывае, і не як крэпасць ці інтэлектуальная дактрына, а як народ".