MAP

Дзеці-салдаты ў Паўднёвым Судане. Ілюстрацыйнае фота Дзеці-салдаты ў Паўднёвым Судане. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: заклік абараніць дзяцей ад эксплуатацыі

На пасяджэнні ААН прадстаўнік Святога Пасада выказаў занепакоенасць лёсам дзяцей у сферы працы і ўзброеных канфліктах, падкрэсліўшы, што амаль 10 працэнтаў падлеткаў у свеце застаюцца ахвярамі эксплуатацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Габрыэле Кача, пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН, 13 мая 2025 года выступіў на нефармальным дыялогу ў Нью-Ёрку, прысвечаным барацьбе з дзіцячай працай ва ўсіх яе формах.

Асабліва турбуе выкарыстанне дзяцей ва ўзброеных канфліктах

"Асабліва турбуе той факт, што ў такіх абставінах дзеці не толькі падвяргаюцца насіллю і эксплуатацыі на полі бою, але таксама становяцца ахвярамі дадатковых цяжкіх злоўжыванняў, уключаючы прымусовыя шлюбы і сексуальную эксплуатацыю", - падкрэсліў дыпламат.

Ён таксама звярнуў увагу на асаблівую небяспеку для дзяцей з інваліднасцю, адзначыўшы неабходнасць інклюзіўных і комплексных мер абароны.

У сваім выступленні прадстаўнік Святога Пасада нагадаў пазіцыю Касцёла, выказаную яшчэ Папам Львом XIII у канцы XIX стагоддзя: "У адносінах да дзяцей трэба праяўляць вялікую асцярожнасць, не размяшчаючы іх у майстэрнях і на фабрыках да таго часу, пакуль іх цела і розум не будуць дастаткова развітымі".

Кожнае дзіця, як унікальны дар Божы, заслугоўвае абароны і развіцця

"Кожнае дзіця, як унікальны дар Божы чалавечай сям'і, заслугоўвае таго, каб расці ў асяроддзі, якое паважае годнасць, абараняе асноўныя правы і спрыяе яго цэласнаму развіццю", - заявіў арцыбіскуп Кача.

Святы Пасад заклікаў міжнародную супольнасць актывізаваць намаганні для забеспячэння дзяцей доступам да аховы здароўя, якаснай адукацыі і магчымасцямі для развіцця.

Толькі ставячы чалавечую асобу ў цэнтр увагі, можна пабудаваць будучыню, заснаваную на справядлівасці, салідарнасці і міры, дзе годнасць кожнага дзіцяці будзе цалкам абаронена, падкрэсліў прадстаўнік дыпламатыі Святога Пасада
 

14 мая 2025, 11:27