MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Тэлефонная размова Пантыфіка і прэм'ер-міністра Італіі

Прэм'ер-міністр Італіі падчас тэлефоннай размовы з Папам пацвердзіла падтрымку намаганняў Святога Пасада па ўрэгуляванні канфліктаў і паабяцала сумесную працу над этычным развіццём штучнага інтэлекту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Інфармацыя пра тэлефонную размову паміж Львом XIV і Джорджыяй Мелоні была апублікавана ў афіцыйнай заяве Палаца Кіджы і пацверджана Залай Друку Святога Пасада.

Непарыўная сувязь паміж Італіяй і Намеснікам Хрыста

Падчас размовы Мелоні паўторна выказала Папу "асабістыя віншаванні і віншаванні ад імя італьянскага ўрада з нагоды выбрання на Пятроў Пасад і падкрэсліла непарыўную сувязь, якая аб'ядноўвае Італію з Намеснікам Хрыста", як адзначаецца ў паведамленні.

"Італія цэніць і падтрымлівае намаганні Святога Пасада на карысць міру і спынення канфліктаў ва ўсіх крызісных рэгіёнах, дзе зброя замяніла дыялог і перамовы", - гаворыцца ў паведамленні Палаца Кіджы.

Этычнае развіццё штучнага інтэлекту

Італьянскі прэм'ер таксама пацвердзіла "гатоўнасць Італіі працягваць працаваць разам са Святым Пасадам дзеля этычнага развіцця і выкарыстання штучнага інтэлекту на карысць чалавека".

Гэтая задача, як адзначаецца ў паведамленні, "была цэнтральнай падчас старшынства Італіі ў G7, і яе важнасць – для абароны годнасці чалавека, справядлівасці і працы – Папа Леў XIV падкрэсліў падчас сустрэчы з кардыналамі 10 мая 2025 года".

Варта нагадаць, што падчас сустрэчы з кардыналамі новаабраны Пантыфік патлумачыў выбар свайго імя, спаслаўшыся на Льва XIII, які ў энцыкліцы “Rerum Novarum” закрануў сацыяльныя пытанні, што застаюцца актуальнымі і сёння, асабліва ў кантэксце новых тэхналогій і іх уплыву на грамадства.
 

15 мая 2025, 15:39