MAP

Штучнае сэрца. Ілюстрацыйнае фота Штучнае сэрца. Ілюстрацыйнае фота

Шпіталь “Bambino Gesù” адзначае 40-годдзе як навукова-даследчы цэнтр

Ватыканскі педыятрычны шпіталь “Bambino Gesù” адзначае 40-годдзе з моманту надання яму статусу навукова-даследчай клінічнай установы. За гэты час ён ператварыўся ў флагмана педыятрычнай медыцыны, вядучую клініку не толькі ў Італіі, але і ў свеце.

Марыя Валодзіна - Vatican News

За сорак гадоў, якія прайшлі з 13 мая 1985 года, калі дзіцячая клініка “Bambino Gesù” атрымала ад італьянскага Міністэрства аховы здароўя прызнанне ў якасці навукова-даследчай установы, яна вызначылася ў галіне перадавой клінічнай медыцыны, хутка пераносячы вынікі навуковых даследаванняў у практыку.

Сярод галоўных дасягненняў – першая ў Італіі перасадка сэрца дзіцяці, якая адбылася ў 1986 годзе, фактычна паклаўшы пачатак эры дзіцячай кардыяхірургіі і, у больш шырокім сэнсе, эры дзіцячай транспланталогіі. У 1992 годзе адкрыўся Цэнтр дапамогі дзецям, хворым на СНІД. У 1993-1996 гадах адбыліся першыя камбінаваныя трансплантацыі такіх органаў, як сэрца і ныркі, лёгкія, ныркі ад жывых донараў.

У 2000 годзе была заснавана "MarLab", лабараторыя робататэхнікі і аналізу руху, дзякуючы якой былі распрацаваны інавацыйныя праграмы дзіцячай маторнай рэабілітацыі.

У 2008-2011 гадах шпіталь здзейсніў шэраг дасягненняў у галіне дзіцячай транспланталогіі: першую перасадку печані, першая ў свеце імплантацыя дзіцячага штучнага сэрца 15-гадоваму хлопцу, першую перасадку кішэчніка і першую трансплантацыю печані ад жывога донара.

У 2014 годзе шпіталь здейсніў прарыў у лячэнні рэдкіх генетычных захворванняў і імунадэфіцытаў: першую ў свеце перасадку генетычна мадыфікаваных ствалавых клетак ад бацькоўскага донара дзіцяці. У тым жа годзе ў клініцы адкрылася адна з найбуйнейшых у Еўропе педыятрычных даследчых лабараторый з сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем і фармацэўтычнай лабараторыяй для вытворчасці клеткавых і генных тэрапеўтычных сродкаў. У 2016 годзе адбылася першая імплантацыя штучнага сэрца з магнітнай левітацыяй.

Першая ў Італіі даміно-трансплантацыя ў дзяцей, калі першы пацыент становіцца донарам для другога, і паспяховае раздзяленне двух сіямскіх блізнят з выкарыстаннем перадавых метадаў візуалізацыі і 3D-друку адбыліся ў 2017 годзе. У 2018 годзе першы ў Італіі маленькі пацыент з рэфрактарнай лейкеміяй атрымаў лячэнне з дапамогай CAR-T тэрапіі.

У 2019 годзе колькасць перасадак цвёрдых органаў перавысіла тысячу. Упершыню ў Еўропе была праведзена імплантацыя штучнага лёгачнага бронха, створанага з дапамогай тэхналогіі 3D-друку.

Асабліва насычаным стаў 2020 год, калі была выканана першая ў Італіі камбінаваная перасадка печані “split liver" з выкарыстаннем перфузіённай машыны; быў адкрыты імуналагічны механізм MIS-C – запаленчы сіндром, звязаны з COVID-19 у дзяцей; а таксама ўпершыню ў Італіі праведзена генная тэрапія таласеміі.

У 2021-2024 гадах клініка яшчэ мацней замацавала сваю пазіцыю міжнароднага лідара ў педыятрычнай навуцы. Была зроблена першая ў свеце трансплантацыя органа ад донара, хворага на COVID-19. Адкрыўся найбуйнейшы ў Італіі цэнтр педыятрычнай паліятыўнай дапамогі; пачалі лячыць першых маленькіх пацыентаў з атрэзіяй стрававода з выкарыстаннем інавацыйнай тэхнікі магнітнага злучэння (анастамозу), без хірургічнага ўмяшання.

У 2023 годзе клініка распрацавала першую CAR-T тэрапію нейрабластомы – гэта быў прарыў у лячэнні цвёрдых пухлін у дзяцей, а ў 2024 годзе ўпершыню выкарыставала генную тэрапію для лячэння аутоіммунных захворванняў у дзяцей.

У тым жа годзе было выканана 137 трансплантацый касцявога мозга, а іх агульная колькасць з 2000 года перавысіла 2500, што зрабіла Bambino Gesù вядучым педыятрычным трансплантацыйным цэнтрам Італіі.

Шпіталь займае таксама вядучую пазіцыю ў галіне тэрапіі рэдкіх генетычных захворванняў: 40,8% усіх пацыентаў ва ўзросце да 15 гадоў. Болей 80% выпадкаў маюць генетычную прыроду. За апошняе дзесяцігоддзе спецыялісты клінікі ідэнтыфікавалі і апісалі больш за 100 новых генаў, звязаных з хваробамі. У 2024 годзе было выканана каля 40 000 генетычных даследаванняў.

У 2024 годзе ў шпіталі працавалі 1 800 даследчыкаў і спецыялістаў, праведзены 700 навуковых праектаў і 450 клінічных даследаванняў, выдадзена больш за 1 000 навуковых публікацый.

Як адзначыў кіраўнік клінікі Тыцыяна Анэсці, 40-годдзе прызнання шпіталя Bambino Gesù навуковай установай – гэта не толькі магчымасць азірнуцца на пройдзены шлях, але і нагода паразважаць пра будучыню, асабліва ў святле тых глыбокіх змен, якія прынеслі навуковыя інавацыі. Ён адзначыў, што шпіталь застаецца верным сваёй місіі – забяспечваць медыцынскую дапамогу ўсім дзецям без выключэння і дыскрымінацыі.

12 мая 2025, 14:35