Марцін Скарсэзэ здымае фільм у гонар Францішка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новы праект знакамітага рэжысёра быў анансаваны 30 красавіка 2025 года, калі яго вытворчая кампанія “Sikelia Productions” паведаміла, што стужка стане асаблівым гімнам спадчыне Папы Францішка, яго ідэям і клопату пра моладзь.
Дакументальны фільм прысвечаны працы арганізацыі “Школы сустрэч” (Scholas Occurrentes) – міжнароднай ініцыятыве, якую Францішак заснаваў у 2013 годзе дзеля прасоўвання “культуры сустрэчы” сярод моладзі. У межах яе праекта “Вёскі” (Aldeas) моладзь з розных краін здымала ўласныя кароткаметражныя фільмы; новая стужка апавядае пра ўдзельнікаў з Інданэзіі, Гамбіі і Італіі.
У кантэксце адукацыйных і сацыяльных праектаў “Scholas Occurrentes”, "aldeas" – гэта асаблівыя “творчыя супольнасці”, дзе моладзь з розных краін сустракаецца, каб вучыцца, ствараць і дзяліцца поглядамі. Яны могуць фізічна адбывацца ў розных месцах, не абавязкова ў сельскай мясцовасці, хоць слова "aldeas" на іспанскай мове даслоўна перакладаецца як "вёскі".
Паводле “Sikelia Productions”, у дакументалцы будзе прадстаўлена апошняе вялікае інтэрв’ю з Францішкам, што перадасць яго духоўную спадчыну і галоўныя пасланні. Фільм стане яскравым сведчаннем пераканання, што творчасць – гэта шлях да надзеі і перамен.
Так ахарактарызаваў ініцыятыву сам Францішак, падкрэсліваючы: “Aldeas” звяртаюцца да каранёў таго, чым з’яўляецца чалавечае жыццё, супольнасць, канфлікт... да сутнасці падарожжа жыцця”. У стужцы асаблівая ўвага ўдзелена міжпакаленчым сувязям – адносіны паміж дзядулем і ўнукам заўсёды былі ў полі зроку Папы.
Марцін Скарсэзэ ўжо мае вопыт стварэння дакументальных фільмаў пра розныя пакаленні на ўсіх кантынентах і неаднаразова сустракаўся з Францішкам асабіста.
Гэта адзначыў рэжысёр, тлумачачы ідэю новага праекта. Ён падкрэсліў, што для Францішка было важна, “каб людзі з усяго свету абменьваліся ідэямі з павагай, але захоўвалі сваю культурную тоеснасць. Лепшым сродкам для гэтага з’яўляецца кіно”.
Дата прэм’еры дакументальнай стужкі пакуль не абвешчана, аднак яна ўжо выклікала вялікія чаканні ў кінасвеце. Як сцвярджае “Sikelia Productions”, “Aldeas – новая гісторыя” стане сведчаннем нязломнай веры: творчасць – гэта не толькі сродак выражэння, але і шлях да надзеі і змен.