MAP

Папа Леў XIV Папа Леў XIV  (ANSA)

Рост цікавасці да ордэна аўгустынцаў – эфект абрання новага Папы

Сярод кандыдатаў да манаскага жыцця ўзрасла цікавасць да ордэна аўгустынцаў. Менш чым за тыдзень адміністрацыя атрымала звыш за 150 запытаў адносна харызмы ордэна.

Ян Глінскі

Генеральны настаяцель Ордэна Святога Аўгустына назваў гэты феномен эфектам новаабранага Папы, якім стаў аўгустынец кардынал Роберт Прэвост. У размове з агенцтвам SIR айцец Алехандра Мараль выказаў жаданне, каб дадзены выклік стаў для ордэна стымулам. “Гэта час, які можа прынесці станоўчыя плады для ўсіх, не толькі для нас”, – дадаў аўгустынец.

Айцец Алехандра Мараль перакананы, што менавіта ў такім Пантыфіку мае патрэбу сучасны Касцёл і свет. “Леў XIV разважлівы, ураўнаважаны, здольны слухаць і назіраць – адпаведная асоба для гэтага часу”, – падкрэсліў генеральны настаяцель, а таксама нагадаў, што імя, якое выбраў сабе кардынал Прэвост, “указвае на выразны душпастырскі кірунак: адважна весці Касцёл праз эпахальныя змены, якія мы назіраем, пачынаючы ад тэхналагічнай рэвалюцыі”.

Па словах генеральнага настаяцеля Ордэна Святога Аўгустына, Леў XIV – гэта “Папа, прысутны ў свеце: ён бачыць змены, якія адбываюцца, і ведае, што на знакі часу трэба рэагаваць з евангельскай адказнасцю”. “Гэта пантыфікат, скіраваны не ў мінулае, а ў будучыню”, – сцвердзіў айцец Мараль.

23 мая 2025, 09:25