"Больш чым глыток паветра" – нунцый пра заклік Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Чуць, як Святы Айцец падкрэслівае каштоўнасць міру як падчас свайго першага прывітання пасля выбрання, так і пасля малітвы “Уладарка Неба”, было асабліва важным для ўкраінскіх католікаў. Гэта больш чым глыток паветра ў час вайны, выкліканай тымі, хто пагарджае мірам", - адзначыў арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас у размове з інфармацыйным агенцтвам “SIR”.
У нядзелю 11 мая 2025 года Папа Леў XIV звярнуўся да вернікаў з заклікам рабіць усё магчымае, каб дасягнуць "сапраўднага, справядлівага і трывалага міру" для "дарагога ўкраінскага народа", а таксама заклікаў вызваліць усіх палонных і вярнуць дзяцей у іх сем'і.
Гэта ўпэўненасць: мець у асобе Папы кіраўніка і маральны аўтарытэт
Для нунцыя гэтыя словы маюць асаблівае значэнне: "Гэта ўпэўненасць: мець у асобе Папы Льва кіраўніка і маральны аўтарытэт, які ўзвысіць свой голас у абарону малых і ўзнясе малітву да Пана, каб Ён дараваў нам той мір, які людзі дагэтуль не здолелі пабудаваць".
Кульбокас падзяліўся, што ў суботу і нядзелю ён знаходзіўся ў Хмяльніцкім на Кангрэсе рыма-каталіцкіх сем'яў, прысвечаным ролі жанчыны ў ваенны час. Падчас мерапрыемства шмат выступленняў і сведчанняў былі сканцэнтраваны на неабходнасці знайсці ўнутраныя сілы, каб дапамагаць іншым.
Сітуацыя палонных часта пякельная
"Амаль усе валанцёры, дабрачынцы і святары маюць абмежаваныя фізічныя сілы падчас вайны, часта проста таму, што не могуць адпачыць ноччу з прычыны пастаянных паветраных атак на гарады. Таму заклік да міру мае першачарговае значэнне для ўсёй Украіны", - растлумачыў папскі дыпламат.
Што тычыцца закліку Папы вызваліць палонных, арцыбіскуп Кульбокас дадаў: "Становішча палонных часта набывае сапраўды пякельны характар. Таму, калі мы адчуваем, што малітва за іх вызваленне гучыць не толькі з вуснаў саміх зняволеных і іх блізкіх, але ўзносіцца ўсім Касцёлам як адзіным целам, гэта напаўняе нашыя сэрцы новай надзеяй. І міжволі, з самых глыбінь душы, нараджаюцца словы шчырай удзячнасці Святому Айцу Льву: дзякуй Вам за тое, што застаяцеся побач з малымі і спакутаванымі".