MAP

Італьянская прэса на наступны дзень пасля выбару Льва XIV Італьянская прэса на наступны дзень пасля выбару Льва XIV  (ANSA)

Эпоха “амерыканскага Папы”: італьянскія СМІ пра Льва XIV

Італьянская прэса цёпла прыняла выбар кардынала Прэвоста на Папскі Пасад, называючы яго "Папам міру" і "Папам двух светаў", падкрэсліваючы, што новы Пантыфік выбраны для пераадолення існуючых падзелаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля абвяшчэння выбару новага Папы Льва XIV італьянскія СМІ амаль цалкам прысвяцілі свае першыя старонкі гэтай падзеі. Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва (KAI), газеты адназначна ацэньваюць выбар кардынала Прэвоста як адпаведны патрэбам нашага часу, нягледзячы на тое, што з яго абраннем "па-сапраўднаму скончылася эпоха італьянскіх Пантыфікаў, якая вынікала з традыцыі".

Здольнасць хадзіць поруч з Божым народам

"Corriere della Sera" называе новага Папу "аўгустынцам, які любіць тэніс і матэматыку" і вызначае Льва XIV як "Папу, выбранага, каб пазшываць існуючыя падзелы. Адкрытага свету, але моцнага ў прынцыпах". Газета адзначае, што ўжо з першых момантаў пантыфікату ён паказаў свой уласны стыль.

Каталіцкі штодзённік "Avvenire" публікуе інтэрв'ю з кардыналам Прэвостам, дадзенае пасля яго кардынальскай намінацыі ў 2023 годзе, дзе ён прадставіў сваё бачанне: "Быць добрым пастырам азначае здольнасць ісці поруч з Божым народам і жыць блізка да людзей, не будучы ізаляваным у палацах".

"Пастыр павінен абвяшчаць Езуса Хрыста і сведчыць пра Яго сваім жыццём, каб іншыя Яго заўважылі. Ён павінен дапамагаць людзям пазнаць Хрыста праз дар веры", - цытуе "Avvenire" словы новага Папы.

"Il Fatto Quotidiano" падкрэслівае, што манах-паліглот, які аб'ядноўвае ў сваім жыцці дзве Амерыкі, з'яўляецца ў сэрцы і жыцці перш за ўсё місіянерам. "La Stampa" адзначае, што першыя словы новага Папы ўжо змяшчалі праграму пантыфікату, якую дапаўняе выбранае імя.

Пераемнасць з уласным стылем

Італьянская прэса падкрэслівае, што "на планеце, разарванай канфліктамі, першым сігналам, які канклаў даў свету, з'яўляецца здольнасць прымірыць рознасці, не знішчаючы іх". Хуткасць выбару паказвае, што падзелы ў Калегіі кардыналаў меншыя, чым здаецца.

"Corriere della Sera" сцвярджае, што новы Папа не будзе копіяй Францішка, з якім быў цесна звязаны, але пойдзе следам з характэрным для сябе стылем. Многія каментатары заўважаюць, што "гэта будзе адрозны працяг пераемнасці".

Мова міру замест мовы Радзімы

"Il Giornale" піша пра кулісы канклаву, указваючы на расчараванне італьянцаў, якія спадзяваліся на выбар кардынала Параліна. Газета адзначае, што "кардынал Прэвост стаў Папам 'першага свету' дзякуючы галасам кардыналаў з 'трэцяга свету'”.

"La Stampa" звяртае ўвагу на своеасаблівую загадку: падчас першага выступлення з балкона Базілікі Святога Пятра Папа са Злучаных Штатаў гаварыў па-італьянску, затым накіраваў прывітанне па-іспанску, але не вымавіў ні слова па-англійску, хоць выдатна ведае гэтую мову.

Італьянскія каментатары адзначаюць, што Леў XIV будзе "цяжкім арэхам для разгрызання" для Дональда Трампа і яго адміністрацыі, што ён ужо паказаў у Чыкага.

Новы Папа дзесяць разоў ужыў слова "мір" у сваім першым выступленні, што ясна адлюстроўвае яго прыярытэты на пачатку пантыфікату.
 

09 мая 2025, 11:25