“Caritas” і Святы Пасад: фінансы і экалогія – адзін выклік
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Каталіцкі Касцёл узмацняе голас у патрабаванні карэннай рэформы глабальных фінансаў і экалагічнай палітыкі. Вебінар “Caritas Internationalis” 28 мая 2025 года аб'яднаў каля 200 удзельнікаў вакол агульнай мэты – рэфармавання сусветнай эканомікі.
Алістэр Датан, генеральны сакратар гэтага папскага дабрачыннага фонду, прывёў трывожную статыстыку: "3,3 мільярда людзей жыве ў краінах, якія выдаткоўваюць больш на даўгі, чым на ахову здароўя". Для супрацьдзеяння гэтаму “Caritas” запусціла кампанію "Turn Debt Into Hope".
Не два крызісы, а адзін маральны выклік
Сястра Алесандра Смерылі з ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека падкрэсліла: "Мы стаім не перад двума асобнымі крызісамі, а аднаго складанага крызісу, які адначасова з’яўляецца сацыяльным і экалагічным".
Яна ўжыла тэрмін Папы Францішка "экалагічны доўг" Поўначы перад Поўднем – не толькі выкіды, але і эксплуатацыя, экспарт таксінаў, выкарыстанне слабых экалагічных прадпісанняў. "Шкоды вычэрпваюць экасістэмы і абкрадваюць краіны з рэсурсаў устойлівага развіцця", - лічыць сястра Смерылі.
Арцыбіскуп Габрыэле Кача, пастаянны прадстаўнік Святога Пасада пры ААН, заклікаў пераасэнсаваць міжнародную фінансавую архітэктуру: "Глабальны крызіс задоўжанасці – перашкода для гарманічнага развіцця чалавецтва".
Сістэма для няшматлікіх ці для ўсіх?
"Пытанне гучыць так: ці хочам мы сістэму, якая абараняе інтарэсы нешматлікіх, ці такую, што абараняе чалавечую годнасць і спрыяе развіццю ўсіх?" - сказаў арцыбіскуп Кача. Ён заўважыў, што ліпеньская канферэнцыя ў Севільі адбываецца ў сярэдзіне Святога 2025 года – часе, калі з боку Касцёла гучыць заклік да анулявання даўгоў бедных краін, якія ніколі не змогуць іх спаціць.
Канферэнцыя па фінансаванні развіцця адбудзецца з 30 чэрвеня па 3 ліпеня 2025 года ў Севільі, а COP30 – з 10 па 21 лістапада ў Белене ў бразільскай Амазоніі. Для касцельных інстытуцый абодва форумы з'яўляюцца не толькі палітычнымі падзеямі, але і духоўнымі выклікамі.