У Камбоджы завяршыўся восьмы будысцка-хрысціянскі калёквіум
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мерапрыемства арганізавала Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу ў супрацоўніцтве з Будысцкім універсітэтам Прэа Сіханук Раджа і Каталіцкім касцёлам у Каралеўстве Камбоджа. Форум прайшоў пад дэвізам "Будысты і хрысціяне працуюць разам дзеля міру праз прымірэнне і стойкасць".
У сваёй фінальнай заяве ўдзельнікі звярнулі ўвагу на ключавыя прынцыпы: прымірэнне не з'яўляецца сціраннем памяці, а мужным працэсам распавядання праўды, лячэння і абнаўлення адносін; стойкасць падтрымліваецца ўнутранай сілай, каранямі веры і супольнасцямі, якія падтрымліваюць годнасць кожнага чалавека.
Таксама яны падкрэслілі, што пабудова міру патрабуе вырашэння глыбейшых прычын канфлікту – беднасці, дэградацыі навакольнага асяроддзя, сацыяльнай несправядлівасці і адмаўлення правоў чалавека. Дзве рэлігійныя традыцыі прапануюць глыбокія этычныя і духоўныя рэсурсы для сустрэчы з сённяшнімі выклікамі з спагадай, мужнасцю і надзеяй.
Будысты і хрысціяне прызналі важную ролю адукацыі ў фарміраванні новых пакаленняў у каштоўнасцях неагрэсіі, дыялогу і міжрэлігійнага супрацоўніцтва. Яны таксама сцвердзілі адказнасць рэлігійных лідараў і супольнасцей па ўвасабленні прымірэння практычнымі спосабамі: прасоўваць справядлівасць і культываваць унутраны мір.
Удзельнікі прысвяцілі плёны калёквіума росквіту свету, дзе мір – гэта больш чым адсутнасць канфлікту; гэта актыўная прысутнасць любові, справядлівасці і трывалай чалавечай салідарнасці.