Брат Льва XIV: ён заўсёды хацеў быць святаром
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новы Папа Леў XIV, які да абрання насіў імя Роберт Прэвост, вырас у глыбока рэлігійнай сям'і ў Долтане, прыгарадзе Чыкага. Яго брат Джон Прэвост у інтэрв'ю амерыканскім тэлеканалам “ABC” і “Univision” распавёў пра дзяцінства будучага Папы і яго ранняе пакліканне да святарства.
"Ён ведаў гэта адразу. Я не думаю, што ён калі-небудзь сумняваўся ў гэтым", - падзяліўся Джон Прэвост. - Не думаю, што ён калі-небудзь думаў пра што-небудзь іншае". Паводле брата, малы Роберт не проста "цэлебраваў імшу" каля хатняй прасавальнай дошкі, якая служыла алтаром, але "ведаў усе малітвы на памяць, па-англійску і на лаціне".
Яго сэрца засталося ў Перу
Джон Прэвост таксама адзначыў, што яшчэ ў першым класе пачатковай школы суседка прадказала яго брату, што ён стане першым амерыканскім Папам. За дзень да пачатку канклава ён нагадаў Роберту пра гэтае прадказанне, але кардынал Прэвост назваў гэта "бязглуздзіцай", сказаўшы: "Яны не выберуць амерыканскага Папу".
"Яго сэрца засталося ў Перу", - адзначыў брат, тлумачачы, чаму новаабраны Пантыфік у сваім першым звароце асабліва падкрэсліў сувязь з Чыклая – горадам у паўночным Перу, дзе Роберт Прэвост шмат гадоў служыў біскупам.
Ён клапоціцца пра людзей, пра іх душы, пра іх паўсядзённае жыццё
Паводле Джона Прэвоста, новы Папа будзе працягваць курс Францішка, асабліва ў галінах сацыяльнай справядлівасці, душпастырства на перыферыі грамадства і ўмацавання найбяднейшых.
"Ён клапоціцца пра людзей, пра іх душы, пра іх паўсядзённае жыццё. Я ўпэўнены, што ён не страціць з поля зроку адкінутых і забытых", – падкрэсліў брат Пантыфіка.
69-гадовы Папа Леў XIV вырас як малодшы з трох братоў у сям'і з глыбокімі рэлігійнымі традыцыямі. Яго маці, Мілдрэд Марцінэз (1912-1990), чые продкі паходзілі з Іспаніі, працавала бібліятэкарам. Дзве яе сястры былі манахінямі. Бацька, Луіс Марыус Прэвост, які памёр у 1997 годзе, меў французска-італьянскія карані і працаваў дырэктарам школы і катэхетам.
У інтэрв'ю італьянскаму грамадскаму радыё “RAI”, яшчэ будучы кардыналам, Роберт Прэвост адзначаў: "Я нарадзіўся ў ЗША, але мае дзядулі і бабулі былі эмігрантамі – французы, іспанцы... Я вырас у вельмі каталіцкай сям'і. Абодва бацькі былі глыбока звязаныя з парафіяй".