Індыйска-пакістанскае спыненне агню: рэакцыя Касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Спыненне агню паміж Індыяй і Пакістанам – гэта нагадванне аб сіле дыпламатыі ў абліччы канфліктаў", - заявіў арцыбіскуп Ісламабада-Равалпіндзі Джозэф Аршад у размове з місіянерскім інфармацыйным агенцтвам Святога Пасада “Fides”. Як старшыня Нацыянальнай камісіі справядлівасці і міру, ён падкрэсліў неабходнасць працягу дыялогу: "Цяпер абодва бакі канфлікту павінны працягваць перамовы і знайсці рашэнні, якія гарантуюць бяспеку і дабрабыт сваіх народаў".
Арцыбіскуп Аршад акрэсліў мэту, да якой павінны імкнуцца абедзве краіны – "мірную будучыню для рэгіёна Паўднёвай Азіі", якая павінна пачынацца з "супрацоўніцтва, дыялогу, павагі і прыхільнасці да міру". Паводле яго слоў, менавіта такую пазіцыю падзяляе Каталіцкі Касцёл па абодва бакі мяжы.
Пазбегнуць вельмі небяспечнай вайны
Біскуп Самсан Шукардзін, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Пакістана, таксама выказаў задавальненне ад дасягнутага перамір'я ў размове з каталіцкім агенцтвам “Ucanews”. Біскуп Хайдарабада назваў спыненне агню ключавым крокам для пазбягання "вельмі небяспечнай вайны". Пасля чатырох дзён узаемных нападаў, заканчэнне баявых дзеянняў ён ахарактарызаваў як "добрую навіну".
Канфлікт разгарэўся пасля таго, як Індыя абвінаваціла мусульманскіх экстрэмістаў у нападзе ў індыйскай частцы спрэчнага рэгіёна Кашмір, у якім загінулі 26 чалавек, пераважна індыйскія турысты. Падчас контратак пацярпелі таксама касцельныя ўстановы: у каталіцкай школе загінулі тры чалавекі, а ў кляштары адбыліся разбурэнні.
Народы Паўднёвай Азіі даўно прагнуць міру
Каталіцкі Касцёл у Індыі і Пакістане актыўна выступаў за спыненне насілля яшчэ да абвяшчэння перамір'я. Напрыклад, у суботу 11 мая 2025 года была арганізавана масавая малітва дзяцей аб міры. "Народы Паўднёвай Азіі даўно прагнуць міру, стабільнасці і супрацоўніцтва", - паведаміў агенцтву “Fides” епіскапат Пакістана. Біскупы таксама выказалі ўдзячнасць за пасрэдніцтва і намаганні ЗША ў садзейнічанні дыялогу.
Пра індыйска-пакістанскі канфлікт згадаў і Папа Леў XIV у сваім першым пасля выбрання выступленні пасля велікоднай малітвы "Уладарка Неба" у мінулую нядзелю, 12 мая 2025 года. Пантыфік выразна прывітаў абвешчанае спыненне агню, падкрэсліўшы: "Гэта павінна працягвацца", і завяршыў просьбай аб "цудзе міру".