Барталамей І пасля сустрэчы з Папам: Леў XIV хоча наведаць Нікею
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Падчас сардэчнай сустрэчы Экуменічны Патрыярх павіншаваў Папу з выбраннем. У час размовы, між іншым, ён “падкрэсліў важнасць далейшага развіцця і паглыблення тэалагічнага дыялогу паміж дзвюма Цэрквамі”, а таксама “іх супрацоўніцтва па пытаннях, што маюць грамадскую значнасць, такіх як вяртанне і захаванне міру ва ўсім свеце, падтрымка пакутуючых братоў і ахова навакольнага асяроддзя”, - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Канстанцінопальскага Патрыярхата. Барталамей І таксама згадаў пра братэрскія адносіны і супрацоўніцтва з Папам Францішкам, з якім сустракаўся больш за дзесяць разоў.
Леў XIV выказаў падзяку Барталамею І за прысутнасць на цырымоніі афіцыйнага пачатку яго папскага служэння, а таксама падкрэсліў важнасць спрыяння міжхрысціянскаму дыялогу і супрацоўніцтву. “Ён запэўніў у сваім шчырым жаданні наведаць Турцыю цягам гэтага года, у дні, якія яшчэ трэба будзе вызначыць, каб разам з Патрыярхам успомніць 1700-годдзе склікання першага Нікейскага экуменічнага Сабору”, - адзначаецца ў паведамленні праваслаўнага боку.
Пасля прыватнай аўдыенцыі і ўдзелу ў сустрэчы Папы з прадстаўнікамі хрысціянскіх канфесій і супольнасцяў, а таксама іншых рэлігійных традыцый, Барталамей І наведаў пасольства Турцыі ў Рыме, а ўвечары здзейсніў візіт у Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памаліўся і ўсклаў белыя кветкі да магілы Папы Францішка.