Папскі шпіталь: аперацыя для пацыента з “паловай сэрца”
Vatican News
Каманда спецыялістаў рымскага шпіталя “Bambino Gesù” правяла ўнікальную выратавальную аперацыю для маладога чалавека з “паловай сэрца” – рэдкай кардыяпатыяй, пры якой адсутнічае правы жалудачак. Такіх выпадкаў у сусветнай навуковай літаратуры апісана вельмі мала.
Інавацыя ў падыходзе да лячэння рэдкіх кардыяпатый
“Асаблівасць аперацыі заключалася ў неабходнасці праходзіць праз кандуіт Фантана, каб дасягнуць мітральнага клапана, які ў такіх пацыентаў мае анатамічныя характарыстыкі, вельмі адрозныя ад звычайнага сэрца”, - тлумачыць доктар Джанфранка Бутэра, кіраўнік аддзела інтэрвенцыйнай кардыялогіі.
Пацыент з маленства знаходзіўся пад наглядам рымскай каталіцкай педыятрычнай клінікі, дзе яму правялі шэраг складаных умяшанняў для стварэння альтэрнатыўнай сістэмы кровазвароту Фантана. З цягам часу ў яго развілася цяжкая мітральная недастатковасць: клапан губляў больш за 60 працэнтаў насычанай кіслародам крыві, што пагражала жыццю пацыента.
Традыцыйная хірургія ў гэтым выпадку была занадта рызыкоўнай
Пасля атрымання дазволу ад Этычнага камітэта клінікі і Міністэрства аховы здароўя, урачы выканалі інавацыйную працэдуру – транскатэтарную імплантацыю трох клапанных кліпсаў. Аперацыя патрабавала дакладнага планавання з выкарыстаннем 3D-мадэляў сэрца і віртуальных сімуляцый.
“Паляпшэнне метадаў лячэння за апошнія дваццаць гадоў пашырыла магчымасці для пацыентаў з урожданымі кардыяпатыямі, якія цяпер дасягаюць дарослага ўзросту, - падкрэслівае доктар Клаўдыя Мантанара. - Аднак гэта прыносіць новыя выклікі, многія з якіх яшчэ невядомыя”.
Дзякуючы аперацыі, мітральная недастатковасць была значна зніжана, а стан пацыента хутка палепшыўся. Яго выпісалі ўжо праз 6 дзён са значным зніжэннем неабходнай лекавай тэрапіі.
Шпіталь “Bambino Gesù” стварыў мультыдысцыплінарную каманду для сістэматычнага лячэння рэдкіх кардыяпатый. “Мы будуем эталонную для Еўропы праграму, якая прапануе новыя тэрапеўтычныя магчымасці пацыентам са станамі, што інакш не паддаюцца лячэнню або нясуць высокую хірургічную рызыку”, - тлумачыцца ў заяве папскай педыятрычнай клінікі.