MAP

Францішак ля Сцяны плачу. Ілюстрацыйнае фота Францішак ля Сцяны плачу. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Міжнародная рада хрысціян і яўрэяў выказала католікам спачуванні

Да католікаў з усяго свету скіравала спачувальны зварот Міжнародная рада хрысціян і яўрэяў (ICCJ).

Ян Глінскі

Аўтары звароту назвалі спачылага Папу Францішка “ўвасабленнем глыбокай прыхільнасці да габрэйска-хрысціянскіх адносінаў, трохкутных адносінаў паміж габрэямі, хрысціянамі і мусульманамі, і ў больш шырокім сэнсе – глабальнай міжрэлігійнай гармоніі”. Пантыфік, як напісана ў пасланні, глыбока разумеў “унікальныя і ўзаемаўзбагачальныя адносіны паміж католікамі і яўрэямі, закаранёныя ў Святым Пісанні”.

Аўтары звароту працытавалі фрагмент з папскай адгартацыі "Evangelii Gaudium": “Бог надалей дзейнічае ў народзе Старога Запавету і чыніць, што існуюць скарбы мудрасці, якія вынікаюць з яго сустрэчы з Божым словам. Таму Касцёл таксама абагачаецца, калі прымае каштоўнасці юдаізму. (…) Існуе глыбокая камплементарнасць, якая дазваляе нам чытаць разам тэксты Бібліі Габрэйскай і дапамагаць адно аднаму ў вывучэнні багацця слова, як і падзяляць многія этычныя перакананні і агульны клопат аб справядлівасці і развіцці народаў”.

Падчас міжнароднай канферэнцыі ў Рыме ў 2015 годзе, прысвечанай 50-годдзю "Nostra Aetate" – другому ватыканскаму дакументу, які зрабіў рэвалюцыю ў яўрэйска-каталіцкіх адносінах, – Папа казаў пра агульныя рысы яўрэяў і хрысціянаў: “Хрысціянскія канфесіі знаходзяць сваё адзінства ў Хрысце; юдаізм знаходзіць сваё адзінства ў Торы. Хрысціяне вераць, што Езус Хрыстус – гэта Слова Божае, якое сталася целам у свеце; для яўрэяў Слова Божае прысутнічае перш за ўсё ў Торы. Абедзве традыцыі веры знаходзяць сваю аснову ў Адзіным Богу – Богу Запавету, які аб’яўляецца праз сваё Слова”.

У заключэнне Міжнародная рада хрысціян і яўрэяў указала, што і надалей будзе чэрпаць натхненне з асобы Папы Францішка, які “пастаянна паўтараў, што міжрэлігійны дыялог і сяброўства неабходныя для дасягнення міру і справядлівасці ў свеце, і нават для захавання самой планеты”.

25 красавіка 2025, 07:39