ЗША: пад пагрозай візавая праграма для членаў манаскіх супольнасцяў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Заканчэнне дзеяння так званай праграмы спецыяльных міграцыйных віз для непасвячаных рэлігійных дзеячаў (EB-4) можа сур’ёзна адбіцца на Каталіцкім Касцёле ў ЗША, паведамляе інфармацыйнае агенцтва KAI са спасылкай на Канферэнцыю Біскупаў ЗША.
“Наступствы будуць далёка ідучымі”, - заявіў у інтэрв’ю The Pillar Дэвід Спайсер, адказны за пытанні міграцыі ў амерыканскім епіскапаце. Цяперашняя візавая сістэма падзяляе візы EB-4 на дзве катэгорыі: для пасвячаных і непасвячаных асоб. Да першай катэгорыі належаць, напрыклад, святары і дыяканы, у той час як у другую ўваходзяць многія члены манаскіх ордэнаў, у прыватнасці законніцы. Менавіта візы другой катэгорыі цяпер знаходзяцца пад пагрозай.
Католікі пацерпяць найбольш
Паводле Спайсера, найбольшую колькасць непасвячаных асоб, якія карыстаюцца гэтай праграмай, складаюць католікі. Праграма, у межах якой непасвячаным асобам штогод выдаецца 5 тысяч віз, дазваляе ім не толькі часова пражываць у краіне, але і адкрывае шлях да атрымання пастаяннага віду на жыхарства, а пасля і грамадзянства. З улікам асаблівай ролі манаскіх супольнасцяў у Касцёле, спыненне дзеяння праграмы будзе асабліва востра адчувацца сярод католікаў ЗША, у прыватнасці у аддаленых і сельскіх рэгіёнах.
Падаўжэнне Байдэна
Перад тым як пакінуць Белы дом, былы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падоўжыў тэрмін дзеяння візавай праграмы на тры месяцы – да 13 сакавіка. Калі ў апошні момант не будуць прынятыя ніякія захады, магчымасць уезду для непасвячаных асоб будзе закрытая. Дзяржаўны дэпартамент ужо паведаміў, што пасля гэтай даты такія візы выдавацца не будуць. Таксама не будуць разглядацца бягучыя заяўкі на змену статусу.
Сітуацыя ўскладняецца затрымкамі ў выдачы віз. Заяўнікі, якія чакалі рашэння гадамі, могуць застацца з пустымі рукамі. “Мы можам сутыкнуцца з вельмі непрыемнай сітуацыяй, калі хтосьці доўгі час чакаў візу EB-4, быў класіфікаваны як неімігрант, і ў той момант, калі атрыманне грын-карты было ўжо блізкім, праграма спыніла сваё дзеянне”, - адзначыў Спайсер.
Наступствы для сацыяльных устаноў Касцёла
Спыненне праграмы закране не толькі душпастырскую дзейнасць, але і працу каталіцкіх сацыяльных устаноў. Уладальнікі гэтых віз займаюцца даглядам хворых, састарэлых і паміраючых у бальніцах і прытулках, працуюць з моладдзю, выкладаюць у каталіцкіх школах, а таксама выконваюць кіраўнічыя і адміністрацыйныя абавязкі ў каталіцкіх манаскіх ордэнах і арганізацыях.