Зоркі футбола запэўніваюць Святога Айца ў блізкасці і малітве
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У сваёй салідарнасці і малітве Святога Айца запэўнілі Нэймар, Іван Ракіціч, Андрэа Пірла, Себасцьян Фрэй, Карлас Вальдэрама, Крысціян Дзакарда і многія іншыя. Відэапасланні публікуюцца на старонцы ініцыятывы “We Play For Peace” (Мы гуляем за мір) ў Instagram. Папа ад самага пачатку актыўна падтрымлівае гэты праект.
Блізкасць з Пантыфікам выказала і яго любімая аргенцінская футбольная каманда. “Дарагі Папа Францішак, адсюль, з твайго дому, з твайго клуба, з твайго любімага Сан-Ларэнца, мы моцна цябе абдымаем. Жадаем хутчэйшага выздараўлення і чакаем цябе тут, як толькі гэта стане магчымым”, - кажа ў відэароліку Ікер Муньян, капітан каманды.
“We Play For Peace” – гэта міжрэлігійная дабрачынная ініцыятыва, якая рэалізуецца Папскім фондам Scholas Occurrentes пры падтрымцы FIFA, італьянскай Seria A, рымскага муніцыпалітэта і іншых структур і арганізацый. Футбольныя матчы ў рамках праекта праводзіліся ў Рыме ў 2014, 2016 і 2022 гадах. У іх прынялі ўдзел ужо больш за 150 спартсменаў з розных частак свету.