MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Новая тэндэнцыя ў свеце: усё больш дарослых выбіраюць каталіцызм

У многіх каталіцкіх дыяцэзіях ЗША, Канады і Вялікабрытаніі назіраецца значны рост колькасці дарослых, якія жадаюць прыняць хрост. У некаторых дыяцэзіях колькасць катэхуменаў перавышае 1000 чалавек.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле апошніх даных, прадстаўленых анлайн-парталам "The Pillar", у многіх заходніх краінах назіраецца істотнае павелічэнне колькасці дарослых, якія жадаюць прыняць хрост у Каталіцкім Касцёле. Гэтая тэндэнцыя асабліва заўважная ў ЗША, Канадзе і Вялікабрытаніі, дзе многія дыяцэзіі фіксуюць рэкордную колькасць кандыдатаў.

Інтэрнэт – новы шлях да веры

“Хрост дарослых становіцца новай нормай”, - гэтыя словы належаць Даніэлю Выхіцілу, адказнаму за катэхуменат пры аўстрыйскай канферэнцыі біскупаў. Ён адзначае, што такая тэндэнцыя назіраецца не толькі ў буйных гарадах, але і ў меншых населеных пунктах.

"Многія маладыя людзі ўпершыню сутыкаюцца з хрысціянствам праз інтэрнэт, дзе яны знаходзяць сведчанні веры. Гэтыя сведчанні кранаюць іх сэрцы, і ў выніку яны вырашаюць прыняць хрышчэнне", - тлумачыць эксперт.

У ЗША гэтая тэндэнцыя ўжо адлюстроўваецца ў прапановах парафій. У многіх месцах восенню, з пачаткам навучальнага года, рэгулярна запрашаюць на пачатак курсаў штотыднёвых сустрэч для катэхуменату дарослых.

Рэкордныя лічбы ў многіх дыяцэзіях

Архідыяцэзія Вашынгтона, акруга Калумбія, паведаміла пра 1500 катэхуменаў і тых, хто жадае перайсці ў каталіцызм, што перавышае паказчык мінулага года ў 1350 чалавек. За ёй ідуць Фінікс (1116, з іх 702 кандыдаты на хрост), Дэтройт (977/400), Кліўленд (812/431), Арланда (800), Балтымор (778/320), Філадэльфія (726/332), Сан-Францыска (653/269), Лос-Анджэлес (620/320).

Такая ж сітуацыя назіраецца і ў іншых заходніх краінах. У Канадзе Ванкуверская архідыяцэзія сёлета падвоіла леташні рэкорд, дасягнуўшы 720 хрышчэнняў дарослых. У Аўстраліі архідыяцэзія Сіднея зафіксавала рэкордную колькасць у 384 кандыдаты на хрышчэнне, што на траціну больш, чым у 2024 годзе.

Заходнееўрапейскі трэнд

Даніэль Выхіціл характарызуе гэтую з'яву як "заходнееўрапейскі трэнд". Ён адзначае, што ў Бельгіі, Нідэрландах і Заходняй Швейцарыі таксама назіраецца рост колькасці ахвотных прыняць хрышчэнне, асабліва сярод маладых дарослых.

Эксперт таксама падкрэслівае, што нестабільная сітуацыя ў свеце можа быць адным з фактараў, які ўплывае на гэтую тэндэнцыю.

Хрост дарослых – новая рэальнасць

Нягледзячы на рост колькасці выпадкаў хросту дарослых, хрост дзяцей па-ранейшаму застаецца найбольш распаўсюджанай формай уступлення ў Каталіцкі Касцёл. Аднак, як адзначаюць эксперты, хрост дарослых становіцца ўсё больш звычайнай з'явай і, верагодна, колькасць такіх выпадкаў будзе працягваць расці ў бліжэйшыя гады.
 

21 сакавіка 2025, 12:35