Мексіканскія біскупы заклікаюць да барацьбы з наркакартэлямі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Знаходка масавага пахавання ў Мексіцы выклікала моцную рэакцыю з боку Касцёла. Біскупы краіны назвалі гэта "адным з самых жорсткіх праяўленняў зла і чалавечай галечы", якія калі-небудзь здараліся ў краіне.
Прамы напад на святую годнасць чалавечай асобы
Іерархі падкрэслілі, што выяўленыя злачынствы з'яўляюцца "прамым нападам на святую годнасць чалавечай асобы". Яны заклікалі ўлады прыняць эфектыўныя меры для прадухілення такіх злачынстваў у будучыні.
На ранча Ізагірэ ў горадзе Тэучытлан былі знойдзены спаленыя целы соцень людзей, а таксама іх асабістыя рэчы. Следчыя выявілі тры меркаваныя печы для спальвання цел і вялікую колькасць адзення, абутку і ўпрыгожванняў.
Біскупы таксама абвінавацілі ўрад у спробах скрыць сапраўдныя маштабы выкраданняў у краіне. Яны выказалі здзіўленне тым, што, паводле афіцыйных даных, колькасць наўмысных забойстваў нібыта знізілася на 15 працэнтаў, у той час як колькасць знікненняў людзей павялічылася на 40 працэнтаў.
Узмацніць малітву за зніклых
Касцельныя іерархі заклікалі католікаў Мексікі "узмацніць малітву за зніклых, суправаджаць ахвяр і садзейнічаць аднаўленню сацыяльнай тканіны" падчас Вялікага посту.
У суботу 15 сакавіка 2025 года ў кафедральным саборы Мехіка адбылося набажэнства ў памяць аб зніклых, а таксама малітоўнае чуванне, арганізаванае Канферэнцыяй настаяцеляў манаскіх ордэнаў. У нядзелю ў Тэучытлане, месцы злачынства, адбылося паломніцтва "малітвы і суцяшэння" з удзелам сваякоў зніклых.
Варта адзначыць, што за апошнія гады ў Мексіцы знікла больш за 100 тысяч чалавек. Штат Халіска асабліва пацярпеў ад гэтай праблемы – толькі тут знікла каля 15 тысяч чалавек.
Новы прэзідэнт Мексікі Клаўдыя Шэйнбаум адхіліла патрабаванні біскупаў, заявіўшы, што інфармацыя, якой яны валодаюць, з'яўляецца недакладнай.