MAP

Папа Францішак вітае вернікаў з балкона ў клініцы "Джэмэлі" Папа Францішак вітае вернікаў з балкона ў клініцы "Джэмэлі" 

Клініка “Джэмэлі”: дзякуем Папу за непараўнальнае сведчанне

Падзяку Папу за сведчанне, дадзенае падчас яго знаходжання ў бальніцы, выказалі ў сумесным паведамленні рэктар Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса Элена Бекалі і старшыня Фонду ўніверсітэцкай клінікі імя Агасціна Джэмэлі Даніэле Франка.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Многія хворыя ўбачылі сябе ў пакутах, якія Папа Францішак хацеў падзяліць, а не схаваць, пацвярджаючы глыбокую чалавечнасць, што адрознівае ўсё яго Настаўніцтва”, - гаворыцца ў заяве, апублікаванай з нагоды заканчэння шпіталізацыі Пантыфіка і яго вяртання ў Ватыкан.

“Калі Касцёл сапраўды пакліканы быць палявым шпіталем, як кажа Папа Францішак, клініка “Джэмэлі” і звязаны з ёй факультэт медыцыны і хірургіі не могуць не радавацца таму, што змаглі ўнесці свой уклад у аздараўленне Святога Айца”, - падкрэсліваецца ў паведамленні.

Адзначаецца, што на працягу ўсёй шпіталізацыі Францішка, якая працягвалася з 14 лютага па 23 сакавіка 2025 года, “урачы і медсёстры ўзорным чынам праявілі свой прафесіяналізм, самаадданасць і чалавечнасць – знак таго паклікання да клопату, якое горача апісаў сам Папа Францішак”.

“Мы выказваем ім самую сардэчную і шчырую падзяку за аказанне дапамогі найвышэйшай якасці, як яны гэта робяць штодня з усімі даверанымі ім пацыентамі. З такімі пачуццямі радасці і сыноўняй адданасці супольнасць клінікі і ўніверсітэта выказваюць падзяку Папу Францішку, запэўніваючы яго ў сваёй блізкасці і падтрымцы ў малітве”, - напісалі Элена Бекалі і Даніэле Франка.
 

 

24 сакавіка 2025, 09:51