MAP

Кароль Карл III і каралева Каміла Кароль Карл III і каралева Каміла 

Каралеўская пара пераносіць сустрэчу з Папам Францішкам

Кароль Карл III і каралева Каміла адклалі свой візіт у Ватыкан па парадзе ўрачоў Папы, якія лічаць, што Францішку патрэбна больш часу на аднаўленне пасля нядаўняй хваробы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Візіт караля і каралевы ў Святы Пасад быў адкладзены па ўзаемнай згодзе, паколькі медыцынскія рэкамендацыі сведчаць пра тое, што для Папы Францішка будзе карысным больш працяглы перыяд адпачынку і аднаўлення", - гаворыцца ў паведамленні каралеўскай сям'і на платформе X.

Першапачаткова візіт быў запланаваны на 8 красавіка 2025 года і меў на мэце адзначыць значны прагрэс у адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Англіканскай Царквой. Праграма ўключала экуменічнае набажэнства ў Сікстынскай капэле, прысвечанае тэме "Клопат пра стварэнне".

"Іх Каралеўскія Вялікасці перадаюць Пантыфіку найлепшыя пажаданні ў яго аднаўленні і з нецярпеннем чакаюць магчымасці наведаць яго ў Святым Пасадзе, калі ён паправіцца", - дадаецца ў заяве Букінгемскага палаца.

У рамках візіту кароль Карл III таксама планаваў наведаць Базіліку Святога Паўла па-за Мурамі, "з якой англійскія каралі мелі асаблівую сувязь да рэфармацыі", як паведамляецца ў прэс-рэлізе.

Нягледзячы на адтэрміноўку візіту ў Ватыкан, каралеўская пара плануе ажыццявіць астатнія элементы свайго красавіцкага дзяржаўнага візіту ў Італію.
 

26 сакавіка 2025, 08:54