MAP

Эфіопскі ваенны ў рэгіёне Тыграй Эфіопскі ваенны ў рэгіёне Тыграй  (AFP or licensors)

Эфіопія на мяжы новай вайны: папярэджанне біскупа

Біскуп каталіцкай епархіі Ады-Грата папярэдзіў аб пагрозе новага ўзброенага канфлікту ў Тыграі, заклікаўшы бакі пазбягаць эскалацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нягледзячы на мірнае пагадненне 2022 года, сітуацыя ў Эфіопіі застаецца напружанай. Біскуп Тэсфасэласі Мэдхін выказаў сур'ёзную занепакоенасць магчымасцю аднаўлення ваенных дзеянняў у рэгіёне Тыграй, паведамляе агенцтва “Fides”. "Краіна можа зноў апынуцца ў вельмі крывавым канфлікце. Няхай Бог захавае нас ад гэтага", - заявіў іерарх.

Асноўнай прычынай нестабільнасці з'яўляецца раскол Народнага фронту вызвалення Тыграя (TPLF) пасля падпісання мірнага пагаднення. 11 сакавіка 2025 года паўстанцы ўзялі пад кантроль стратэгічна важныя гарады Ады-Грат і Ады-Гудэм.

Біскуп таксама выказаў занепакоенасць гуманітарнай сітуацыяй, раскрытыкаваўшы спыненне фінансавання з боку USAID. Ён адзначыў, што скарачэнне дапамогі закранула шырокі спектр арганізацый, уключаючы рэлігійныя ўстановы. Ён прывёў канкрэтны прыклад: "Нават каталіцкая дабрачынная арганізацыя “Catholic Relief Service” была вымушана спыніць сваю праграму неадкладнай харчовай дапамогі".

"Мы суправаджаем людзей у працэсе ацалення ад траўмы крывавых канфліктаў і падтрымліваем іх у патрэбе", - прызнаўся біскуп Мэдхін. Ён падкрэсліў, што Касцёл застаецца крыніцай надзеі і падтрымкі для тых, хто сутыкнуўся з трагедыяй вайны.
 

27 сакавіка 2025, 10:28