Біскуп з Конга: ваеннае рашэнне канфлікту немагчымае
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Дыялог – гэта адзіны шлях да мірнага вырашэння канфлікту, бо мы не бачым ваеннага рашэння", - заявіў біскуп Нгумбі ў інтэрв'ю “Vatican News” 19 сакавіка 2025 года. Ён выказаў расчараванне тым, што групоўка М23, якая падтрымліваецца Руандай, адмовілася ад удзелу ў запланаваных перамовах у Луандзе. Біскуп таксама заклікаў да большай міжнароднай падтрымкі і палітычнага ціску для садзейнічання дыялогу.
Біскуп Нгумбі апісаў сітуацыю для насельніцтва ва ўсходняй частцы Конга як надзвычай трывожную. Забойствы, выкраданні і рабаванні сталі сумнай штодзённай рэальнасцю, распаўсюджваючы страх і жах сярод мясцовых жыхароў. Людзі амаль не спяць па начах, баючыся ўварвання ўзброеных банд у іх дамы.
Гуманітарныя арганізацыі папярэджваюць пра новыя пагрозы. Паводле даных “Oxfam”, у студзені колькасць новых выпадкаў халеры павялічылася больш чым удвая, дасягнуўшы 3850, пры гэтым смяротнасць узрасла ўтрая. Акрамя таго, партнёрскія арганізацыі “Oxfam” зарэгістравалі 269 выпадкаў захворвання на воспу малпаў і 95 выпадкаў адзёру толькі за апошні тыдзень лютага ў рэгіёне Паўночнае Ківу.
"Гуманітарная катастрофа насоўваецца", - папярэджвае “Oxfam”, адзначаючы, што скарачэнне фінансавання з боку USAID, якое было асноўнай крыніцай падтрымкі для гуманітарных арганізацый у Конга, пагражае жыццю 7,8 мільёнаў унутраных перамешчаных асоб.