MAP

Кенійскія вернікі Кенійскія вернікі 

Кенійскі біскуп палітыкам: не выкарыстоўвайце Касцёл для піяру

Біскуп дыяцэзіі Накуру заклікаў палітыкаў не выкарыстоўваць ахвяраванні Касцёлу для піяру, на фоне крызісу ў дзяржаўным фінансаванні касцельных бальніц у Кеніі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пачатку Вялікага посту біскуп Клеафас Асеса выказаў занепакоенасць наконт буйных грашовых ахвяраванняў, якія палітыкі робяць на карысць Касцёла. Іерарх падкрэсліў, што паходжанне гэтых сродкаў выклікае пытанні і можа быць звязана з карупцыяй.

"Мы не ведаем, адкуль бяруцца велізарныя сумы грошай, якія палітыкі ахвяруюць Касцёлу, і гэта павінна нас турбаваць", - заявіў біскуп Асеса ў сваім казанні на Папялец, паведамляе інфармацыйны партал Fides. Іерарх падкрэсліў, што Касцёл не павінен станавіцца інструментам для палітычнага піяру, асабліва калі ў краіне не хапае сродкаў на базавыя патрэбы: "Мы не можам дазволіць, каб нас успрымалі як выгаданабывальнікаў, калі ў школах няма падручнікаў, у бальніцах – лекаў, а настаўнікі і ўрачы не атрымліваюць зарплату".

Біскуп Асеса нагадаў пра евангельскі заклік да сціпласці ў дабрачыннасці: "Калі ты даеш міласціну, няхай твая левая рука не ведае, што робіць правая". Ён заклікаў палітыкаў адмовіцца ад публічнага афішыравання сваіх ахвяраванняў на Касцёл, каб пазбегнуць выкарыстання гэтага ў якасці выбарчага інструмента ці самарэкламы.

Тыдзень таму Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Кеніі заклікала ўрад пагасіць запазычанасць перад рэлігійнымі медыцынскімі ўстановамі, якая назапасілася з 2020 года. Іерархі падкрэслілі, што затрымка плацяжоў ускладняе аказанне дапамогі пацыентам, большасць з якіх належыць да сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва. Агульная сума запазычанасці складае 2,5 мільярда кенійскіх шылінгаў (каля 17 мільёнаў еўра).
 

10 сакавіка 2025, 11:50