2025: год унікальнага спалучэння пастоў трох рэлігій
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле інфармацыі Kathpress, 2025 год стане асаблівым для вернікаў трох найбуйнейшых сусветных рэлігій. Упершыню за доўгі час іх традыцыйныя перыяды посту супадуць у часе, ствараючы ўнікальную магчымасць для міжрэлігійнага дыялогу і ўзаемаразумення. Нягледзячы на розныя традыцыі і вытокі, усе тры рэлігіі падзяляюць агульнае разуменне посту як сродку набліжэння да Бога і засяроджання на істотным.
Для заходніх хрысціян Вялікі пост пачнецца 5 сакавіка 2025 года, а для праваслаўных вернікаў – 3 сакавіка і працягнецца да 19 красавіка 2025 года. Гэты перыяд нагадвае пра саракадзённы пост Езуса, калі Ён, пасля хросту, адышоў у пустыню, каб падрыхтавацца да публічнай дзейнасці і супрацьстаяць спакусам д'ябла. Акрамя таго, саракадзённы пост нагадвае пра сорак гадоў вандравання народа Ізраіля ў пустыні, як пра гэта сведчыць Святое Пісанне.
Рамадан, галоўны пост у ісламе, будзе доўжыцца з 1 па 30 сакавіка 2025 года. Гэты месяц нагадвае вернікам пра час, калі прарок Магамет атрымаў першыя вершы Карана праз анёла Габрыэля. У Рамадан сняданак пачынаецца яшчэ да ўзыходу сонца, а захад сонца адзначаецца разгаўленнем. На працягу светлага часу сутак вернікі ўстрымліваюцца ад ежы, пітва і інтымных адносін, імкнучыся да прымірэння з сабой і бліжнімі. Пост з'яўляецца важным абавязкам у ісламе, замацаваным у Каране. Ад посту вызваляюцца дзеці, цяжарныя жанчыны, хворыя і падарожныя.
У юдаізме 13 сакавіка 2025 года адзначаць Тааніт Эстэр – дзень посту ў памяць пра каралеву Эстэр, а з 12 па 20 красавіка будзе святкавацца Пэсах, калі вернікі ўстрымліваюцца ад ужывання квашаных прадуктаў. Эстэр пасцілася тры дні перад тым, як звярнуцца да персідскага цара дзеля выратавання свайго народа ад знішчэння. Пост у дзень перад святам Пурым сімвалізуе пакору і імкненне да Божай дапамогі.
Пэсах, найважнейшае юдэйскае свята, якое будзе адзначацца з 12 па 20 красавіка 2025 года, нагадвае пра выхад ізраільцян з Егіпта. На працягу васьмі дзён Пэсаха юдэі ўстрымліваюцца ад ужывання квашаных прадуктаў (хамец), каб успомніць пра спешку, з якой ізраільцяне пакідалі егіпецкую зямлю.