MAP

Арцыбіскуп Джамп'ера Глодэр з Францішкам Арцыбіскуп Джамп'ера Глодэр з Францішкам 

Нунцый у Румыніі заклікае да ўмацавання дэмакратыі

Апостальскі нунцый у Румыніі, арцыбіскуп Джамп'ера Глодэр, падчас сустрэчы дыпламатычнага корпуса з выконваючым абавязкі прэзідэнта краіны заклікаў да ўмацавання дэмакратычных інстытутаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча дыпламатычнага корпуса з Іліе Балажанам адбылася 18 лютага 2025 года. Як паведамляе прэс-служба прэзідэнцкай адміністрацыі Румыніі, падчас мерапрыемства апостальскі нунцый, які з'яўляецца дэканам дыпламатычнага корпуса, звярнуў увагу на неабходнасць далейшага развіцця краіны.

"У 2025 годзе нам трэба глядзець далёка наперад і рабіць усё, каб умацаваць дэмакратычныя ўстановы ў краіне. Гэта дапаможа нам годна адказаць на ўсе выклікі", - адзначыў арцыбіскуп Глодэр.

"Нельга адмаўляць, што ў гісторыі краіны адбыліся беспрэцэдэнтныя сітуацыі, якія патрабуюць асаблівага імкнення да празрыстасці і адказнасці на карысць усіх румынскіх грамадзян", - адзначыў нунцый, маючы на ўвазе ануляванне Канстытуцыйным судом вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2024 года.

У сваю чаргу, Балажан запэўніў дыпламатычны корпус у тым, што Румынія застаецца стабільнай і дэмакратычнай дзяржавай, якая цвёрда верыць у будучыню Еўрапейскага Саюза. “Мы застаёмся праатлантычнымі і адказным саюзнікам", - падкрэсліў палітык.
 

19 лютага 2025, 10:49