MAP

Прэзідэнт ЗША Трамп сустракаецца з прэзідэнтам Францыі Макронам у Белым доме Прэзідэнт ЗША Трамп сустракаецца з прэзідэнтам Францыі Макронам у Белым доме  (ANSA)

Лідары ЗША і Францыі жадаюць Папу хуткага выздараўлення

Лідары ЗША і Францыі Дональд Трамп і Эмануэль Макрон выказалі шчырыя пажаданні хуткага выздараўлення Папу Францішку, які з 14 лютага знаходзіцца ў рымскай клініцы Джэмэлі з прычыны запалення лёгкіх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падвойныя пажаданні хуткага выздараўлення паступілі Пантыфіку з Белага дома падчас афіцыйнага візіту прэзідэнта Францыі ў ЗША. Ён адбыўся ў кантэксце трэцяй гадавіны расійскай агрэсіі супраць Украіны.

"Жадаем яму ўсяго найлепшага. Гэта вельмі сур'ёзная сітуацыя, але мы жадаем яму хуткага выздараўлення", - заявіў 24 лютага 2025 года ў Вашынгтоне прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. "Хуткага і поўнага вяртання да здароўя", - далучыўся да пажаданняў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, які прыбыў з афіцыйным візітам у Белы дом.

88-гадовы Францішак знаходзіцца ў рымскай клініцы Джэмэлі з 14 лютага 2025 года з прычыны складанай інфекцыі дыхальных шляхоў і запалення лёгкіх. Стан здароўя Пантыфіка на працягу апошняга тыдня выклікаў сур'ёзную занепакоенасць вернікаў ва ўсім свеце. У 24 лютага 2025 года ўвечары Святы Пасад выдаў афіцыйнае паведамленне, у якім адзначыў, што здароўе Папы крыху палепшылася.

Вернікі ва ўсім свеце працягваюць маліцца за здароўе Францішка, спадзеючыся на яго хуткае вяртанне да выканання сваёй апостальскай місіі. Шматлікія паведамленні з падтрымкай прыходзяць з усіх кантынентаў, што сведчыць аб глыбокай павазе і любові да Пантыфіка.
 

25 лютага 2025, 10:16