MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (2018 Getty Images)

Доля хрысціян у ЗША стабілізавалася пасля гадоў зніжэння

Паводле апошняга даследавання інстытута Pew Research Center, доля хрысціян у ЗША спынілася на 62 працэнтах пасля працяглага падзення з 78 працэнтаў у 2007 годзе і нават нязначна павялічылася.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля амаль двух дзесяцігоддзяў няўхільнага зніжэння, працэнт хрысціян сярод амерыканскага насельніцтва, здаецца, стабілізаваўся. Гэтая навіна з'яўляецца нечаканым паваротам у рэлігійнай дэмаграфіі краіны, якая доўгі час дэманстравала відавочныя прыкметы секулярызацыі.

Хрысціянства застаецца дамінуючай рэлігіяй

Найбольшую групу сярод вернікаў у ЗША складаюць пратэстанты – 40 працэнтаў насельніцтва. За імі ідуць католікі з 19 працэнтамі, а таксама праваслаўныя і мармоны, якія разам складаюць каля 3 працэнтаў. Значная частка амерыканцаў – 29 працэнтаў – не належыць ні да якой рэлігіі, а нехрысціянскія рэлігіі разам складаюць 7 працэнтаў насельніцтва.

Назірацца драматычнае зніжэнне інстытуцыйнай рэлігійнасці

"Мы назіраем драматычнае зніжэнне інстытуцыйнай рэлігійнасці", - адзначае Грэг Сміт, вядучы даследчык Pew Research Center у Вашынгтоне. Ён падкрэслівае, што гэты працэс секулярызацыі закранае ўсе дэмаграфічныя групы. Рэлігіязнаўца Пэні Эджэл з Універсітэта Мінесоты пацвярджае: "Гэтая тэндэнцыя ахоплівае як мужчын, так і жанчын, усе этнічныя групы і ўсе рэгіёны краіны".

Асабліва трывожнай для рэлігійных лідараў з'яўляецца паглыбленне разрыву паміж пакаленнямі. Даследаванне паказвае, што сярод маладых людзей ва ўзросце 18-24 гадоў толькі 46 працэнтаў адносяць сябе да хрысціян. Гэта рэзка кантрастуе з людзьмі старэйшымі за 74 гады, сярод якіх 80 працэнтаў належаць да хрысціянскіх канфесій.

Розніца ў рэлігійнай практыцы

Адрозненні паміж пакаленнямі відавочныя і ў штодзённай рэлігійнай практыцы. Калі 58 працэнтаў людзей старэйшых за 74 гады моляцца кожны дзень, то сярод маладых людзей ва ўзросце 18-24 гадоў гэта робяць толькі 27 працэнтаў. Таксама маладыя амерыканцы значна радзей наведваюць набажэнствы.

Імігранты – важны стабілізуючы фактар для хрысціянства ў ЗША

"Імігранты – важны стабілізуючы фактар для хрысціянства ў ЗША", - адзначаецца ў даследаванні Цэнтра. Сапраўды, 58 працэнтаў амерыканскіх грамадзян, народжаных за мяжой, з'яўляюцца хрысціянамі, многія з іх – католікі. Сярод імігрантаў з Лацінскай Амерыкі каталіцкую веру вызнаюць 45 працэнтаў. Менавіта дзякуючы ім доля католікаў у агульным насельніцтве ЗША апошнім часам не працягвала зніжацца.

Аднак даследаванне таксама паказвае, што нават сярод імігрантаў рэлігійная прыналежнасць слабее. Доля людзей без рэлігійнай прыналежнасці ў гэтай групе павялічылася з 16 працэнтаў у 2007 годзе да 26 працэнтаў сёння. "Секулярызацыя не абмінае і сем'і імігрантаў", - падкрэслівае эксперт Pew Грэг Сміт.

Цікава, што зніжэнне інстытуцыйнай рэлігійнасці не азначае страту духоўнай адкрытасці. Паводле даследавання, 86 працэнтаў амерыканцаў вераць у душу або дух, які існуе за межамі фізічнага цела. "Мы назіраем не столькі адмаўленне ад духоўнасці, колькі аддаленне ад інстытуцыяналізаванай рэлігіі", - тлумачыць сацыёлаг Эджэл.

Новае даследаванне “Religious Landscape Study" базуецца на інтэрв'ю з 36 908 дарослымі з усіх штатаў ЗША, праведзеных паміж ліпенем 2023 і сакавіком 2024 года. Вынікі даследавання апублікаваны 26 лютага 2025 года .
 

27 лютага 2025, 10:25