Касцёл у Аўстрыі: еднасць супраць радыкальнага ісламізму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле паведамлення аўстрыйскага каталіцкага агенцтва Kathpress ад 16 лютага 2025 года, арцыбіскуп Зальцбургскі выступіў з моцнай заявай у сувязі з апошнімі тэрарыстычнымі актамі ў Філаху і Мюнхене, якія, як мяркуецца, былі матываваныя ісламісцкімі поглядамі.
"Навіны з Філаха глыбока ўзрушаюць мяне. Перад абліччам такога агіднага варварства супраць самых безабаронных не хапае слоў", - напісаў старшыня аўстрыйскага епіскапату ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы Bluesky.
Іерарх падкрэсліў, што жорсткасць, якую свет убачыў у Філаху і Мюнхене, не мае нічога агульнага з верай, а з'яўляецца крывавым, бязбожным тэрорам, які не мае ні нацыянальнасці, ні твару, ні колеру скуры. Паводле яго слоў, экстрэмісцкі радыкальны ісламізм ведае толькі насілле і нянавісць.
На працягу аднаго тыдня Еўропа перажыла дзве жорсткія атакі: тэрарыстычны напад у Мюнхене і напад з нажом у Філаху. Агульная колькасць ахвяр дасягнула чатырох чалавек.
Днём 13 лютага 2025 года Мюнхен скаланула трагічная падзея, калі кіроўца афганскага паходжання наўмысна накіраваў свой аўтамабіль у натоўп дэманстрантаў. 15 лютага 2025 года новая хваля насілля дасягнула аўстрыйскага горада Філах. У выніку нападу з нажом загінуў 14-гадовы падлетак. Яшчэ пяць чалавек ва ўзросце ад 15 да 39 гадоў атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Следства разглядае інцыдэнты як верагодныя ісламісцкія тэракты.
Лакнер заклікаў да рашучага, але ўзважанага расследавання абодвух злачынстваў. Ён таксама выказаў падзяку тым людзям, якія праявілі грамадзянскую мужнасць і сапраўдную любоў да бліжняга, дапамагаючы ахвярам на месцах здарэнняў, рызыкуючы ўласным жыццём. Арцыбіскуп заклікаў вернікаў маліцца за ахвяр і іх родных.